У яслях-садзе в. Пагародна Воранаўскага раёна прайшло фальклорнае свята “Вялікдзень”. Мерапрыемства садзейнічала пашырэнню ўяўленняў дзяцей пра хрысціянскія традыцыі, далучэнню дашкольнікаў да каранёў беларускага народа, а таксама выхаванню павагі да народных святаў.
Хлопчыкаў і дзяўчынак у беларускай хатцы сустрэла прыветлівая і шчодрая Гаспадыня. Выхаванцы сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту расказвалі вершы, спявалі велікодныя песні і прыпеўкі, гулялі ў беларускія народныя гульні.
На свята ў госці да дзяцей завітала Вяснянка разам са сваімі вясняначкамі, якія выканалі танец з вяночкамі. Госця павіншавала маленькіх гаспадароў дзіцячага сада, расказала, як святкавалі Вялікдзень нашы дзядулі і бабулі, а затым разам з дзеткамі павадзіла карагоды.
У падзяку Вяснянцы дашкаляты падарылі танец куранятак і інсцэніроўку казкі “Курачка-Рабка”.
Развітаўшыся з гасцямі, гаспадыня запрасіла ўсіх выхаванцаў на вуліцу, каб пагуляць у гульні з яйкамі: “Перанясі яйка”, “Раскруці яйка”, “Кацілася яйка”.
Падчас фальклорнага свята прайшоў конкурс сумесных велікодных вырабаў, у якім актыўны ўдзел прынялі дзеці, бацькі і выхавальнікі. Выхаванцы сумесна з дарослымі выраблялі велікодныя кампазіцыі з разнастайных матэрыялаў, распісвалі рознымі фарбамі яйкі.
Таццяна ГРЫГІЛЕВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада в. Пагародна
Воранаўскага раёна