- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Нягневіцкім дашкалятам пра бяспеку  

 

У рамках Рэспубліканскай пажарна-прафілактычнай акцыі “За бяспеку разам” у спецыяльнай групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы Нягневіцкага ясляў-сада Навагрудскага раёна былі праведзены мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне ў дзяцей і дарослых усвядомленага і адказнага стаўлення да пажарнай бяспекі.

Асновы бяспекі хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі падчас гутарак “Запалкі – дзецям не забаўка”, “Што я ведаю пра пажар”, “Што расказаў аўтаномны пажарны апавяшчальнік”, “Праца пажарных”, “Рэчы вакол нас”. Дзеці разглядвалі і абмяркоўвалі сітуацыі па ілюстрацыях “Пажарная бяспека”, складалі аповеды па малюнках, гулялі ў дыдактычныя і рухомыя гульні “Збяры карцінку”, “Знайдзі небяспечныя прадметы”, “Што спатрэбіцца пры пажары?”, “Вогненебяспечныя прадметы”, “Электрапрыборы”, “Пажарны чамаданчык”, “Запалкі ў скрынцы”, якія садзейнічалі замацаванню ведаў пра тое, што пажар – вялікая бяда і пазбегнуць яе можна, толькі выконваючы правілы пажарнай бяспекі. З дашкольнікамі чыталі і абмяркоўвалі творы “Кошкін дом” С.Я.Маршака, “Стужку гладзіла Анюта” Б.Міратворцава, “Казкі пра непаслухмяную запалку”.

Актыўна праявілі сябе выхаванцы падчас сустрэчы на прагулцы з Зайчыкам і Лісічкай, растлумачыўшы, якую шкоду прыносяць гульні з запалкамі.

З мэтай прыцягнення ўвагі бацькоў да праблемы дзіцячага свавольства з агнём і гібелі дзяцей на пажарах у бацькоўскім кутку была размешчана наглядная інфармацыя “Агонь і дзеці”. Ініцыятыўныя сем’і прынялі ўдзел у выставе малюнкаў “Бяспечны дом”.

Праведзеныя мерапрыемствы садзейнічалі назапашванню і засваенню ў дзяцей правіл паводзін у розных небяспечных жыццёвых сітуацыях. Была звернута ўвага дарослых на тое, што, каб абараніць сябе і сваіх блізкіх ад вогненнай бяды, патрэбна строга выконваць правілы пажарнай бяспекі і не дазваляць дзецям гуляць з агнём.

 

Святлана МІХАЛКЕВІЧ,
выхавальнік
Нягневіцкага ясляў-сада
Навагрудскага раёна 

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий