Тапонімы побач з намі  

- 21:42МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

 

Пад такой назвай вучні 3-га класа сярэдняй школы № 4 Клімавіч правялі даследчую работу ў рамках мерапрыемстваў абласнога праекта “#Мая_Зямля_Прыдняпроўе”.

Даследчая работа праводзілася з мэтай фарміравання ў навучэнцаў грамадзянска-патрыятычных, духоўна-маральных якасцей, далучэння да гісторыка-культурных, прыродных каштоўнасцей, народных традыцый і звычаяў сваёй малой радзімы, пашырэння і паглыблення інтэлектуальных і пазнавальных магчымасцей вучняў, развіцця іх творчых здольнасцей.

На падрыхтоўчым этапе было зладжана тэматычнае пазнавальнае мерапрыемства “Мая_Зямля_Прыдняпроўе”. Падчас яго мы пазнаёміліся з асаблівасцямі рэалізацыі праекта, магчымасцю ўдзельнічаць у конкурсе, вырашылі правесці даследаванне цікавых мясцін мікрараёна нашай школы.

Першачаргова разам з вучнямі мы азнаёміліся з паняццямі “тапонімы”, “гідронімы”. Пацікавіліся гісторыяй нашай навучальнай установы на школьным сайце. У супрацоўнікаў раённага краязнаўчага музея даведаліся пра тое, што вуліца і завулак 50 год СССР, у раёне якіх знаходзіцца школа, атрымалі сваю назву ў гонар пяцідзесяцігоддзя ўтварэння Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, пасля 1972 года. Да гэтага часу, са слоў жыхароў, мікрараён называўся “Пасёлак Ізвястковы”.

Пасля мы паразмаўлялі з мясцовымі жыхарамі і вызначылі для сябе аб’екты для даследавання, якія здаліся нам найбольш цікавымі: яслі-сад № 3 “Ёлачка”, гаражны кааператыў “Клімбелка”, крынічка “Жывіца”, сасновы гай, штучны вадаём “Тры крыніцы”.

Падчас даследавання мы даведаліся, што крынічка “Жывіца” існуе з 1990 года. Крынічку, якая знаходзіцца непадалёк ад нашай школы, зрабілі месныя жыхары на месцы падземнай воднай крыніцы. Васіль Дзям’янавіч Волкаў са сваімі сябрамі ўстанавіў металічны каркас. З гэтага часу мясцовыя жыхары могуць карыстацца чыстай крынічнай вадой для сваіх патрэбаў. Людзі мікрараёна вельмі ўдзячныя Васілію Дзям’янавічу за яго добрую справу.

Любімае месца актыўнага адпачынку гараджан – сасновы гай – быў спецыяльна створаны ў лясным масіве. Былі праведзены запланаваныя вырубкі лесу. Пляцоўцы прыдадзена правільная форма, устаноўлены спартыўныя прылады.

А вось штучны вадаём “Тры крыніцы” быў выкапаны на месцы трох падземных крыніц па ініцыятыве кіраўніцтва камбіната сілікатных вырабаў, каб акультурыць пасёлак, у якім жылі працаўнікі прадпрыемства.

Па выніках даследавання мы стварылі турыстычны маршрут па адметных аб’ектах нашага мікрараёна. Акрамя таго, выказалі і прапановы кіраўніцтву раёна. Мы прапанавалі даць афіцыйныя назвы аб’ектам, якія знаходзяцца ў мікрараёне нашай школы: крынічцы – «Жывіца» і штучнаму вадаёму-возеру – «Тры крыніцы». А яшчэ – даць афіцыйную назву пляцоўцы для адпачынку гараджан і правядзення культурна-масавых і спартыўных гарадскіх мерапрыемстваў. Варыянт яе назвы вынесці на агульнае абмеркаванне жыхароў горада на старонках раённай газеты або ў сацыяльных сетках.

 

Алена ІВАНЦОВА,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы № 4 Клімавіч

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий