- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Каштоўныя экзэмпляры газет у Навагрудскай спецшколе-інтэрнаце  

 

Штогод 5 мая ў Беларусі адзначаецца Дзень друку. Гэты дзень адзначаюць рэдакцыі газет і часопісаў, а таксама работнікі кніжных выдавецтваў і друкарняў. Навучэнцы Навагрудскай спецшколы-інтэрната таксама не засталіся ўбаку і адсвяткавалі Дзень друку ў школьным музеі “Памяць сэрца”.

Школьны музей як месца правядзення вуснага часопіса “5 мая – Дзень друку Беларусі” быў выбраны не проста так. Экспазіцыя налічвае больш за сто экзэмпляраў газет розных гадоў выдання. Самы стары экзэмпляр – газета “Гродненская правда” № 159, ад 13 жніўня 1957 года. Ёсць нумар газеты “Известия” за 13 красавіка 1961 года, у якім расказваецца пра палёт Юрыя Гагарына ў космас. Дзякуючы такой багатай калекцыі школьнага музея, вучні могуць уявіць, як выглядаў перыядычны друк нашай краіны ў другой палове XX стагоддзя, якой была тэматыка нататак і артыкулаў.

Падчас святочнага мерапрыемства падлеткі азнаёміліся са старонкамі вуснага часопіса: “Гісторыя першых газет”, “Гісторыя перыядычнага друку ў Расіі і Беларусі”, “Першыя часопісы”, “Знаёмства са зместам газет і часопісаў”, “Уяўленні пра прафесію” і напрыканцы прынялі ўдзел у гульні “Так ці не”.

У ходзе мерапрыемства вучні зразумелі, што беларускі друк мае старажытную і багатую гісторыю, а сучасныя газеты і часопісы прыгожыя і разнастайныя па тэматыцы.

 

Ірына ГАВАРОЎСКАЯ,
кіраўнік музея “Памяць сэрца”
Навагрудскай спецшколы-інтэрната

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий