Захоўваем спадчыну Тэадора Нарбута  

- 7:55ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Вучні Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы Воранаўскага раёна вывучаюць і захоўваюць гісторыю свайго краю, актыўна ўдзельнічаюць у акцыях “Помнік”, “Памяць” “Абеліск”, “Магіла ветэрана” і інш. За кожным класам замацаваны помнікі і месцы захавання злавутых землякоў нацкага краю.

Краязнаўства з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў выхаваўчай работы школы. Нацкая зямля нарадзіла і ўзгадавала сусветна вядомыя імёны. Гэта Тэадор Остык-Нарбут і яго сыны – кіраўнік паўстанцкага атрада Людвік, браслаўскі лекар Станіслаў, гісторык і археолаг Вандалін Шукевіч, мастак Пётр Урублеўскі. У мікрараёне ўстановы ёсць гістарычныя, архітэктурныя, археалагічныя помнікі, месцы захавання славутых людзей.

Нядаўна ў піянерскай дружыне імя І.С.Маханько нашай школы прайшла эстафета добрых спраў. Пяцікласнікі прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні магілы Тэадора Нарбута на прыкасцельнай тэрыторыі. Тэадор Нарбут – гісторык, археолаг, фалькларыст, калекцыянер, ваенны інжынер, паэт, які нарадзіўся ў маёнтку Шаўры, у пяці кіламетрах ад Начы. Яго імя прысвоена школьнаму гістарычна-краязнаўчаму музею.

Таксама дзяўчынкі і хлопчыкі з 5-га класа некалькі разоў на год прыходзяць у Шаўры, каб прывесці ў парадак магілы членаў сям’і Нарбута. Некалькі дзён таму дзеці зноў пабывалі ў Шаўрах. Тут пахаваны сын Тэадора Нарбута Баляслаў, удзельнік паўстання 1863–1864 гг., жонка Хрысціна і ўнук Сігізмунд. Сівавалосая Хрысціна Нарбут, мужна перажыўшая пагібель сына Людвіка і крах сямейнага ачага, была выслана ў Пензенскую губерню. Вярнулася на радзіму праз сем гадоў, памерла ў 1899 годзе. На яе надмагільным помніку захавалася знамянальная эпітафія:“Маці сыноў”.

Дадому дзеці вярталіся стомленыя, але радасныя ад зробленай справы, ад адказнасці за захаванне спадчыны, адчуваючы сябе сапраўднымі патрыётамі роднага краю.

 

Ірына УРУБЛЕЎСКАЯ,
класны кіраўнік 5-га класа
Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий