У Азёркаўскай сярэдняй школе Мастоўскага раёна ў гэтым навучальным годзе быў адкрыты аграрны клас.
Апошнім часам паўстала неабходнасць замацавання маладых людзей на сваёй малой радзіме. Тут яны з самага нараджэння, тут працуюць іх бацькі. Яны ўжо з дзяцінства добра знаёмыя з працай на зямлі, у сельскай гаспадарцы. Адкрыццё аграрных класаў для вучняў ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца актуальным, бо пасля заканчэння навучальных устаноў у родныя аграгарадкі і вёскі вяртаюцца маладыя спецыялісты.
Навучэнцы аграрнага класа нашай школы, іх зараз пяць чалавек, на павышаным узроўні вывучаюць фізіку і матэматыку. Заняткі з вучнямі праводзяць высокакваліфікаваныя спецыялісты А.А.Шэлястовіч і Л.М.Заяц. У суботу наведваюць факультатыўны занятак “Уводзіны ў аграрную прафесію”, які выкладае настаўнік хіміі і біялогіі С.У.Дзягель. Сумаваць на ўроках не даводзіцца.
На дапамогу настаўнікам і вучням прыйшлі сучасныя тэхналогіі: спецыяльна распрацаваныя для гэтага курса праграмы. Урокі – гэта не толькі тэорыя, навучальнае відэа, але і экскурсіі на сельскагаспадарчыя аб’екты. Дзесяцікласнікі адчуваюць значнасць аграрных прафесій для эканомікі краіны, знаёмяцца з тэхнічным прагрэсам у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, з маштабамі і перспектывамі выкарыстання трансгенных раслін і жывёл у сельскай гаспадарцы. Нашы вучні бачаць, што аўтаматызацыя і цыфравізацыя вытворчасці ў вёсцы – гэта не фантастыка, а ўжо рэальнасць.
Сёння нашы вучні стаяць перад выбарам сваёй будучай прафесіі. Усе яны – заўтрашнія абітурыенты. Для выпускнікоў аграрных класаў прадугледжаны гарантыі. Галоўная з іх – паступленне на аграрныя спецыяльнасці без уступных экзаменаў і ЦТ, дастаткова толькі субяседавання. Гэта на сёняшні дзень вельмі значная падтрымка. Патрэбна адзначыць, што кіраўніцтва раёна зацікаўлена ў тым, каб выпускнікі вярталіся ў свой раён. З вучнямі школы праводзяць сустрэчы, знаёмяць з аграпрамысловым комплексам свайго раёна. Такая сустрэча прайшла і ў нашай школе, дзе прысутнічалі вучні, бацькі, настаўнікі, кіраўніцтва раёна і нашай гаспадаркі.
Аналізуючы паступленне нашых выпускнікоў, можна зрабіць выснову, што амаль штогод яны выбіраюць навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага накірунку. Зараз чатыры выпускнікі школы (Уладзіслаў Дзягель, Уладзіслаў Гебміцкі, Аляксандра Бочка і Сяргей Ткачэнка) паспяхова засвойваюць праграму вышэйшай адукацыі ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Сёлета вярнулася ў родны аграгарадок студэнтка Навагрудскага аграрнага каледжа Анастасія Чудзілоўская і пачала працоўную дзейнасць.
Рэгіна ДРАВІЦА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Азёркаўскай сярэдняй школы
Мастоўскага раёна