Вучні 3-га класа інтэграванага навучання і выхавання сярэдняй школы № 2 Смаргоні на працягу навучальнага года ўдзельнічалі ў творчым праекце “Бульба.by” для вучняў I ступені навучання, які быў арганізаваны Смаргонскім раённым цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі.
У кастрычніку мы паспяхова прайшлі адборачны этап – Бульбяны КВІЗ “Такая розная бульбачка”, дзе патрэбна было адказаць на пытанні віктарыны. А ў снежні неабходна было прадставіць выраб з бульбы, у якім абавязкова павінен быць мядзведзь – сімвал нашага горада. У класе працавала бульбяная лабараторыя. У нас было шмат ідэй. Мы зрабілі многа вырабаў, але на конкурс адзінагалосна адправілі “Бульбяны бум” Мар’яны Беніцэвіч. У анлайн-галасаванні ён заняў 2-е месца.
У лютым творчы калектыў рыхтаваў сцэнічную імправізацыю “Бульбянік”. Да гэтага этапу мы рыхтаваліся загадзя. Тут на дапамогу прыйшлі мамы. Яны дапамаглі нашым ўдзельнікам падрыхтаваць касцюмы. І зноў мы атрымалі 2-е месца.
У красавіку прайшоў заключны этап конкурсу “Бульба.by”, на які патрэбна было зрабіць даследчую работу і прэзентацыю да яе. Работа наша называлася “Цуд Бульбачка”. Мы вырашылі паспрабаваць вырасціць бульбу ў хатніх умовах. Запрасілі на класную гадзіну настаўніцу біялогіі А.М.Карагіну, якая расказала нам аб вырошчванні бульбы ў хатніх умовах і дапамагла пасадзіць бульбяныя клубні. Наша даследаванне пачалося.
Падчас працы над работай з інфармацыйных крыніц мы даведаліся пра гісторыю бульбы і пра тое, чаму бульбу называюць “другім хлебам”, а таксама пра яе ўласцівасці, лячэбную і касметалагічную каштоўнасць. Бабуля Мікіты Пяткевіча Вольга Яўгеньеўна падзялілася рэцэптамі страў з бульбы і разам з унукам запрасіла на абед. А яшчэ яна дапамагла нашаму творчаму калектыву стварыць альбом “Бульба-бульбачка”, з якога можна даведацца пра гатункі бульбы, працэс вырошчвання бульбы ў хатніх умовах, рэцэпты страў з бульбы. У ім змешчаны загадкі, пасловіцы, пагаворкі, вершы, танцы пра бульбу. Таксама мы зрабілі кніжку-малышку “Парады цётухны Бульбы” і падарылі яе вучням 2-га класа.
У канцы мая былі падведзены вынікі. Наш калектыў заняў 1-е месца!
Алена ШЧАСНАЯ,
класны кіраўнік 3-га класа
сярэдняй школы № 2 Смаргоні