Навукова-практычная канферэнцыя “Мы будуем будучыню”

- 17:03МИНСК, Регионы

 

Навукова-практычная канферэнцыя “Мы будуем будучыню” прайшла ў філіяле БНТУ “Мінскі архітэктурна-будаўнічы каледж”. Канферэнцыя прымеркавана да 100-годдзя з дня заснавання ўстановы адукацыі.

Мерапрыемства сабрала ўдзельнікаў з пэўнымі мэтамі: актывізаваць работу па прапагандзе навуковых ведаў і прафарыентацыі,  стымуляваць навукова-даследчую і творчую дзейнасць навучэнцаў.

32 творчыя і праектныя работы навучэнцаў былі прадстаўлены ў пяці секцыях: “Станаўленне прафесійнай кампетэнтнасці будучага спецыяліста”, “Экалагічныя аспекты вытворчай і побытавай дзейнасці”, “Сацыякультурыя і эканамічныя праблемы сучаснага грамадства”, “Архітэктура, будаўніцтва і дызайн у сучасным свеце”, “Месца дзяржаўных і замежных моў у міжкультурнай камунікацыі”.

Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі беларускi архiтэктар, намеснiк старшынi Беларускага саюза архiтэктараў Вiктар Карака, член саюза архiтэктараў, член саюза мастакоў Рэспублiкi Беларусь Ксенiя Шаппо, старшыня прафсаюзнага камiтэта студэнтаў БНТУ Анастасiя Барабанава.

Удзельнікаў канферэнцыі чакала насычаная, цікавая праграма. На суд журы і гасцей былі прадстаўлены работы, якія ўпэўнена даказвалі эфектыўнасць прымянення 3D-візуалізацыі ў дызайне інтэр’еру,  віртуальнай рэальнасці ў прафесійнай дзейнасці архітэктара.

Найвялікшую цікавасць і дыскусіі выклікала работа чацвёртай секцыі, на якую было заяўлена больш за ўсё ўдзельнікаў. Дакладчыкі пазнаёмілі прысутных з вынікамі свайго вывучэння развіцця архітэктуры, дызайну, будаўніцтва, з найбольш значнымі сучаснымі інавацыйнымі дасягненнямі ў галіне будаўніцтва.

Не абмінулі ўвагай экалагічныя, сацыякультурныя, эканамічныя пытанні сучаснага грамадства. Такім чынам, юныя даследчыкі расказалі аб перавагах метада ліхенаіндыкацыі для высвятлення ступені забруджанасці паветра, разгледзелі пытанні экалагічнасці жылля, энергаэфектыўнасці і энергазберажэння збудаванняў і памяшканняў. Даследаваліся пытанні кансервацыі помнікаў архітэктуры з мэтай іх аднаўлення і захавання для нашчадкаў.

Апошні дзень падвёў вынікі мерапрыемства – былі аб’яўлены пераможцы і дыпламанты навукова-практычнай канферэнцыі “Мы будуем будучыню”. Усе ўдзельнікі атрымалі ўзнагароды, сертыфікаты, памятныя падарункі.

У сваім заключным слове старшыня журы А.І.Герасімюк, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце каледжа, падзякаваў усім удзельнікам і выкладчыкам, а таксама выказаў упэўненасць у тым, што такога кшталту мерапрыемствы стануць добрай традыцыяй для калежда.

“Асабліва падкрэслю той імпэт, імклівасць, глыбіню думкі і сучаснасць прадстаўленых работ, – адзначыла дырэктар каледжа Надзея Дзем’яновіч. – Па ўсім відаць, што аўтары не толькі зацікаўлены ў сваім даследаванні, але і, літаральна кажучы, жывуць гэтымі ідэямі. Разнастайнасць, паслядоўнасць, плённасць – вось што характэрна для кожнай работы. Я ўпэўнена, што наша канферэнцыя стане не толькі традыцыяй, але і неад’емнай часткай творчага і навучальнага працэсу ўстановы адукацыі. У добры шлях!”

 

Таццяна ГЕРАЦ,
выкладчык філіяла БНТУ
“Мінскі архітэктурна-будаўнічы каледж”

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий