Сонечным праменьчыкам зазірнула ў школьныя вокны лета. Вясёлыя дзіцячыя галасочкі напоўнілі радасным шчабятаннем летні аздараўленчы лагер “Кветачка-вясёлка”. Пачалося цікавае лагернае жыццё.
Галоўны прынцып арганізацыі летняга распарадку ў лагеры – разумны, гарманічны баланс адпачынку, аздараўлення, спорту, творчасці і развіваючага вольнага часу школьнікаў. З першага дня работы лагера выхавальнікі стварылі для дзяцей атмасферу ўтульнасці, гармоніі, прыгажосці, каб зацікавіць, захапіць вучняў і накіраваць на займальнае падарожжа.
Першая палова лагернай змены падышла да канца. Гэты час быў вельмі насычаным рознымі мерапрыемствамі, таму праляцеў вельмі хутка і пакінуў свой след у душы кожнага дзіцяці.
Незабыўныя ўражанні засталіся ў дзяцей ад свята NOVOLeto, ад святочнага адкрыцця лагернай змены “Прывітанне, лагер “Кветачка-вясёлка”, ад конкурсна-забаўляльнай праграмы “Любчанскія пацехі”, прымеркаванай да Дня сяброў.
Цікавыя экскурсіі “Мае вытокі” і “Люблю цябе, мой край родны!”, накіраваныя на зберажэнне гісторыка-культурных каштоўнасцей і папулярызацыю беларускай гісторыі, прайшлі для дзяцей у народным гісторыка-краязнаўчым музеі Любчанскага краю і ў Любчанскім замку.
Творчасць і згуртаванасць праявілі выхаванцы лагера, складаючы калаж “Сябруюць дзеці на планеце”. Сумесная творчасць спрыяла згуртаванасці дзяцей і ўменню працаваць у камандзе.
З вялікай цікавасцю дзеці ўдзельнічалі ў квест-гульнях, дзе праявілі свае творчыя таленты, навыкі, уменні. Вялікае захапленне выклікала арганізацыя арт-студыі тэатральнага тату.
Ва ўмовах аздараўленчага лагера працягнуў сваю працу інфармацыйны праект “Школа актыўнага грамадзяніна”, які спрыяе выхаванню патрыятызму, павагі да сваей Радзімы. Былі праведзены мерапрыемствы на тэмы “Нам Радзіма падарыла шчаслівае дзяцінства” і “Дакажам справай, што нездарма на нас спадзяваецца зямля”.
Умацаванню здароўя выхаванцаў лагера спрыяе вясёлая зарадка, сонечныя працэдуры на свежым паветры і цікавыя практыкаванні на дарожцы здароўя.
Жанна БЕДУНКЕВІЧ,
дырэктар школьнага лагера
Любчанскай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна