Экскурсам у гісторыю сярэднявечча стала падарожжа выхаванцаў аздараўленчага лагера Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна ў Мірскі замак – адзін з самых галоўных замкаў Беларусі, які з’яўляецца сусветнай спадчынай ЮНЕСКА.
Экскурсія ў Мірскі замак для дзяцей – гэта займальная прагулка, дзе на іх вачах ажывае гісторыя, раскрываючы падрабязнасці жыццёвагага ўкладу даўно мінулых гадоў. Школьнікам запомняцца вузкія высокія вінтавыя лесвіцы, скляпеністыя столі, раскошныя залы, па-майстэрску адноўленыя апартаменты, не менш цікавыя гаспадарчыя памяшканні і шырокі ўнутраны двор, дзе, здаецца, яшчэ можна пачуць рытмічны цокат капытоў па брукаванай маставой.
На развітанне хлопчыкі і дзяўчынкі дакрануліся рукой да сцяны замка, якая захавалася ў першапачатковым выглядзе з ХVІ стагоддзя, і загадалі жаданні, бо, па мясцовым павер’і, яны павінны абавязкова збыцца.
У скарбонку летніх дзіцячых уражанняў дадалося яшчэ адно незабыўнае – яскравыя ўспаміны пра велічны Мірскі замак, які пакінуў ва ўсіх удзельнікаў экскурсіі пачуццё гонару за багатую шматвяковую гісторыю нашай радзімы.
Алена ШАЙБАК,
настаўнік гісторыі
Любчанскай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна