Дзеці разам з бацькамі прыхода Свята-Георгіеўскай царквы Ліды пад кіраўніцтвам протаіерэя Расціслава Салаўёва прайшлі адукацыйным маршрутам “Навіцкія – Дакудава – Ёдкі”, які склалі вучні Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна ў рамках рэспублікаскага конкурсу “Дарогамі ведаў”.
На тэрыторыі вёскі Дакудава госці наведалі заказнік “Дакудаўскі” – сапраўдны аазіс сярод тарфянікаў, бярозавы гай, Нёман, бабровыя хаткі, Свята-Раства-Багародзічную царкву, дугу Струвэ. У вёсцы Навіцкія–2 спыніліся каля 300-гадовай сасны – мясцовага помніка прыроды.
Пасля аўтобуснай экскурсіі яе ўдзельнікі завіталі ў школьны гісторыка-краязнаўчы музей “Вытокі”, дзе ўбачылі безліч цікавых экспанатаў, кожны з якіх распавядае пра Лідскі край і яго знакамітых людзей.
Заключным акордам адукацыйнага маршрута стала вандроўка па тэрыторыі школы, дзе з 2015 года рэалізуецца праект “Зялёныя школы”. Госці ўбачылі дуб – равеснік школы, маладзенькую хваёвую алею, міксбордэры, клумбы, рабаткі, малыя архітэктурныя формы, пладовыя, дэкаратыўныя дрэвы, сажалку.
Спраўдзіліся пажаданні супрацоўнікаў Лідскага раённага цэнтра тырызма і краязнаўства, якія выказалі меркаванне, што маршрут будзе цікавым не толькі аўтарам-распрацоўшчыкам, але і нашым гасцям.
Рады бачыць новых гасцей на Лідскай зямлі!
Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Ёдкаўскай сярэдняй школы
Лідскага раёна