Магію нацыянальнай казкі раскрылі дзеці  

- 8:47ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

“Магія нацыянальнай казкі” – так называлася тэатральная праграма, якая праходзіла на працягу двух дзён у культурным цэнтры “Фестывальны” Гродна. Кожны жадаючы меў магчымасць акунуцца ў свет казкі, поўны яркіх фарбаў, цудаў і прыгод. Адкрыў мерапрыемства ўзорны франкамоўны тэатр “Люм’ер” сярэдняй школы № 8 Гродна.

З чароўным светам казкі дзіця знаёміцца з самага ранняга ўзросту. Казкі ёсць у кожным доме і карыстаюцца велізарнай любоўю дзяцей. Менавіта казкі выхоўваюць у дзіцяці здольнасць суперажываць, быць спагадлівым, слухаць і спазнаваць, параўноўваць і думаць, развіваць фантазію і ўяўленне, дапамагаюць дзіцяці зразумець навакольную рэчаіснасць. Казкі любяць не толькі дзеці, але і дарослыя, бо ў кожнай чароўнай гісторыі ёсць часцінка іх дзяцінства, іх самых прыемных успамінаў.

У кожнай культуры ёсць свае казкі, якія адлюстроўваюць душу народа, яго мудрасць, думкі і спадзяванні. Свята аб’яднала французскія, іспанскія, італьянскія і рускія казачныя гісторыі.

Казкі Перро займаюць ганаровае месца ў дзіцячай літаратуры. Яны вясёлыя, займальныя і простыя. Узорны франкамоўны тэатр “Люм’ер” сярэдняй школы № 8 Гродна прадставіў сваю версію сусветна вядомай казкі французскага казачніка і паэта. З героямі старадаўняй “Папялушкі” гледачы змаглі перанесціся ў 50–60 гады ХХ стагоддзя – часы рок-н-ролу і стыляг. Спектакль поўны гумару і досціпу, прывабнасцi і запалу, не пазбаўлены той пяшчоты і дабра, якія ўласцівыя знаёмай гісторыі.

Самы юны акцёр “Люм’ера” Ягор Юр’еў, навучэнец 5-га класа, дзеліцца сваімі ўражаннямі: “Калі я быў маленькім, мае любімыя казкі былі “Калабок”, “Сарока-белабока”, “Аліса ў Краіне Цудаў”, “Прыгажуня і Пачвара”. Зараз я таксама люблю казкі, таму з радасцю пагадзіўся выконваць ролю Прынца. У нашым спектаклі вельмі незвычайныя вясёлыя вобразы, яркія касцюмы, танцы ў стылі рок-н-рол, усё гэта надае вядомай казцы асаблівы сучасны стыль”.

Другі дзень мерапрыемства быў прысвечаны казкам А.С.Пушкіна, бо 6 чэрвеня было 222 гады з дня нараджэння рускага паэта, драматурга і празаіка. У яго творчасці казкі займалі асаблівае месца. Пушкін пісаў казкі ў духу рускіх народных, выказваючы пачуцці народа, яго інтарэсы. Літаратурная мова пісьменніка перадае ўсе нюансы рускай душы. Дзіцячая мастацкая школа мастацтваў iмя А.Тызенгаўза паказала літаратурна-музычную кампазіцыю “Там, на невядомых сцяжынках …”, у якую ўвайшлі вершы пра творчасць паэта, рамансы і музычныя творы.

Узорная музычна-драматычная студыя “Званочкi” сваім прэм’ерным спектаклем “Казка пра залатога пеўнічка” хацела данесці да гледача асноўную думку твора: “Не давай абяцанняў, якіх не зможаш выканаць. Жадаючы атрымаць усё, ты рызыкуеш застацца ні з чым”.

На працягу двух дзён гледачы пагрузіліся ў магію нацыянальных казак розных краін. Іх аб’ядноўвала адно – свет дзяцінства, дабра і творчасці. Хочацца спадзявацца, што ў сучасным свеце высокіх тэхналогій казка заўсёды будзе жыць разам з намі і ніколі не страціць свайго прызначэння.

 

Святлана АНТРОПАВА,
кiраўнiк узорнага франкамоўнага тэатра “Люм’ер”
сярэдняй школы № 8 Гродна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий