Выхаванцы летняга аздараўленчага лагера “Удзячныя нашчадкі”, які плённа працуе на базе Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна, запомняць хвіліны ўрачыстай перадачы народнаму краязнаўчаму музею “Дыяменты даўніны” 247 артэфактаў, якія былі знойдзены ў пойме ракі Грыўда.
У сучасным грамадстве назіраецца ўсё большая зацікаўленасць моладзі сведкамі мінулага. Любоў да гістарычнай спадчыны роднага краю, малой радзімы, дзе прайшло дзяцінства, застаецца ў сэрцы кожнага з нас на ўсё жыццё.
Летам мінулага года атрад “Юны археолаг” на чале з навуковым супрацоўнікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алегам Юр’евічам Ткачовым праводзіў археалагічныя раскопкі ў нашай мясцовасці. У выніку гэтай работы былі адкрыты шэсць стаянак першабытнага чалавека і знойдзена шмат артэфактаў. Мы рады, што пасля апісання і навуковага даследавання гэтыя цікавыя прадметы перададзены ў фонды школьнага музея.
Таццяна РАКУЦЬ,
кіраўнік народнага краязнаўчага музея “Дыяменты даўніны”
Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы
Слонімскага раёна