У “Парастку” працуюць і адпачываюць  

- 16:06ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Сёлета цеплынёй і нават спякотай радуе нас чэрвень. Моцныя навальніцы з грымотамі і ліўнямі амаль не закранулі нашу Навагрудчыну, надвор’е спрыяе працы на палетках. Гэта час клопату пра новы ўраджай. Дапамагчы хлебаробам СВК “Нягневічы” спяшаюцца выхаванцы лагера працы і адпачынку “Парастак”, тым больш, што бацькі большасці з іх працуюць тут.

Вось і сёння дзяцей запрасілі на працу на гатункава-даследчы ўчастак. Аграном Ірына Зайко растлумачыла, што неабходна прапалоць маладыя саджанцы і ягаднікі. Старанна і акуратна выконваюць хлопчыкі і дзяўчынкі заданне: усё да апошняй зялінкі выбіраюць вакол кусцікаў і дрэўцаў. Нельга сказаць, што гэта лёгкая работа, таму кожны можа адпачыць у зручны для сябе час, калі адчуе стомленасць. Разам з дзецьмі працуюць выхавальнікі С.М.Самайловіч і А.А.Самайловіч. Сяргей Мікалаевіч падмяняе дзяўчынак: пакуль яны адпачываюць – сам абкопвае саджанец. Алена Антонаўна падбадзёрвае і хваліць за чысціню і руплівасць.

Хвілінку-другую хочацца пастаяць і палюбавацца на зробленае сваімі рукамі. “Адчуваеш сябе патрэбным тут і цяпер”, – усміхаецца Марта Шасцель. А Каця Зайко дадае: “Цяпер я разумею, як цяжка даецца хлеб, колькі працы неабходна ўкласці. Думаю, што мне неабходна больш дапамагаць маме па гаспадарцы, шкадаваць яе, бо мая матуля так стамляецца на рабоце!”

У другой палове дня пасля вельмі смачнага абеда юных працаўнікоў чакае шмат цікавага і пазнавальнага. У дзяцей хапае сіл і жадання арганізаваць рухомыя гульні на стадыёне, правесці выхаваўчае мерапрыемства. Сённы ў лагеры дзень эканоміі і беражлівасці, таму актыў у складзе Вадзіма Шуляка, Сашы Шыдлоўскага і Жэні Арцюха прыдумалі і правялі дзелавую гульню “Сямейны бюджэт”. Спачатку разгледзелі пытанні, што такое бюджэт і грошы, паразважалі, як можна эканоміць, узгадалі “Песню разбойнікаў” з мультфільма “Брэменскія музыканты”. Затым вядучыя прапанавалі “стварыць сем’і”, размеркаваць ролі і паспрабаваць скласці бюджэтны план. 

Цікава было назіраць за “сем’ямі”! Вось “сям’я” Каці Зайко складае спіс жаданняў: спрачаюцца, прыводзяць аргументы, але выслухоўваюць кожнага. У “сям’і” Лізы Бужынскай хутка згаджаюцца на прапанову дзяўчынкі ўзгадніць пажаданні з рэальнымі магчымасцямі. Лёша Хвіневіч прапаноўвае сваёй “сям’і” скласці план дзеянняў. Крок за крокам “сем’і” складаюць сямейны бюджэт, і падчас гульні дзеці разумеюць, што гэта няпроста, трэба вучыцца эканоміць, быць беражлівым і ўважлівым да членаў сваёй сям’і.

У лагеры працы і адпачынку дзеці вучацца разумець цану заробленых грошай. І гэта вельмі важна, таму што тым самым выхоўваецца павага да людзей розных прафесій, адказнасць і самадысцыпліна. А мы, дарослыя, яшчэ раз пераконваемся, якія цудоўныя ў нас дзеці!

 

Марына СЯВЕЦ,
дырэктар лагера працы і адпачынку “Парастак”
Нягневіцкай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий