У аздараўленчым лагеры працы і адпачынку “Лідэр” Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна насычана і займальна праходзіць кожны дзень.
Працоўная дзейнасць на палях СВК “Войневічы” змяняецца творчымі, цікавыми мерапрыемствамі. Адно з тых, што найбольш запомнілася, –майстар-клас па вырабе саламяных павукоў, праведзены ў школьным музеі. Гэты занятак арганізавала настаўніца геаграфіі Аксана Яфімік.
Саламяны павук – арыгінальнае ўпрыгожванне для сучаснага інтэр’ера. Стварэнне павука – гэта працэс канструявання, у якім саламяныя трубачкі збіраюцца ў асобныя элементы-модулі, а з іх затым фарміруецца павук.
Выхаванцы лагера з захапленнем зрабілі абярэг для сваёй хаты з прыроднага матэрыялу, а таксама даведаліся, што сама па сабе салома нясе жывую энергію матухны-прыроды, валодае незвычайнай прыцягальнай сілай, здольна перадаваць цеплыню, назапашаную пад сонечнымі прамянямі.
Настасся ПАТАПЧЫК,
выхаванка аздараўленчага лагера працы і адпачынку “Лідэр”
Казлоўшчынскай сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна