- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Знайшлі чароўную кветку  

 

Цікавы і захапляльны квест У пошуках папараць-кветкі напярэдадні народнага свята Купалля падрыхтавалі супрацоўнікі ясляў-сада г. п. Мір для сваіх выхаванцаў.

Разам з Купалінкай дзеці адправіліся шукаць міфічную чароўную папараць-кветку, каб загадаць самыя запаветныя жаданні ў гэты незвычайны дзень. А знайсці гэтую кветку шчасця няпроста! Нячыстая сіла надзейна схавала яе, наклаўшы закляцце чатырох стыхій. Каб зняць гэтае закляцце, малым падарожнікам трэба было сабраць знакі стыхій – вады, зямлі, паветра і агню, з іх дапамогай адчыніць куфэрак, у якім схаваны чароўны званочак, бо толькі пад гук гэтага званочка спадзе закляцце і расквітнее папараць-кветка.

На шляху падарожнікаў чакала шмат сустрэч з нячыстай сілай – Бабай-Ягой, Кікімарай, Вадзяніком, Чортам – якія ахоўвалі знакі стыхій і перашкаджалі дзецям. Шмат заданняў прыйшлося выканаць маленькім вандроўнікам: і збіраць пацеркі з караляў Бабы-Ягі, і лавіць рыбу з Вадзяніком, і гуляць у водны боўлінг, і адгадваць загадкі Кікімары, і збіраць чароўны вянок з зёлак-кветак, і спаборнічаць у сіле з Чортам, і скакаць праз купальскае вогнішча!

Усе заданні хлопчыкі і дзяўчынкі выканалі і папарць-кветка была знойдзена!

Ад Купалінкі кожны ўдзельнік падарожжа атрымаў чароўную стужачку, якую павінен быў самастойна завязаць на хатцы папараць-кветкі і загадаць пры гэтым жаданне. Не толькі дзеці, але і ўсе дарослыя прынялі ўдзел у гэтай дзеі. Спадзяёмся, што ўсе загаданыя ў гэты казачны дзень жаданнні сапраўды споўняцца!

 

Наталля Русецкая,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада г. п. Мір Карэліцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий