Прыгожае і загадкавае зорнае неба, таямнічыя глібіні акіяну… Усе гэта маглі пабачыць выхаванцы аздараўленчага лагера з кругласутачным знаходжаннем “Юнацтва” Залескага ясляў-сада – сярэдняй школы Смаргонскага раёна падчас экскурсіі ў Мінскі планетарый і цэнтр акіянаграфіі “Адкрыты акіян”.
У планетарыі дзеці акунуліся ў таямніцы Космасу, здзейсніўшы займальнае і пазнавальнае падарожжа па Сонечнай сістэме. Юныя астраномы даведаліся пра розныя планеты і галактыкі, паназіралі за зорным небам, а таксама навучыліся знаходзіць сузор’і сярод мноства зорак, адчулі сябе заваёўнікамі касмічнай прасторы, атрымаўшы мноства ўражанняў, новых ведаў і чароўны вопыт касмічнага падарожжа.
Наведванне экспазіцыі цэнтра акіянаграфіі “Адкрыты акіян” дало адказ на многія пытанні: якім чынам можна вымераць глыбіню акіяна, якія патрэбны апараты, каб паглыбіцца на вялікія адлегласці, ці ёсць жыццё на марской глыбіні, убачыць мадэлі падводных лодак, караблёў, прыборы маракоў-падводнікаў, амуніцыю вадалазаў. Юныя наведвальнікі таксама мелі магчымасць паназіраць за піраннямі, пазнаёміцца з акулёнкам Акадэмікам, пагаварыць з папугаем Флінтам.
На зваротным шляху дадому ўсе былі ў выдатным настроі, дзяліліся ўражаннямі пра ўбачанае, абяцалі прыехаць сюды яшчэ раз.
Алена ВАРАНІШЧА,
дырэктар аздараўленчага лагера “Юнацтва”
Залескага ясляў-сада – сярэдняй школы
Смаргонскага раёна