Дыялог з “Сузор’ем”

- 12:18ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Гэтым летам у Гродзенскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ўпершыню рэалізавана практыка размяшчэння палатачнага лагера “ДЫЯЛОГ” на базе стацыянарнага дзіцячага аздараўленчага лагера “Сузор’е”.

Правядзенне розных профільных змен у палатачным лагеры “ДЫЯЛОГ” стала добрай традыцыяй у Гродзенскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі стала. Шмат новых ідэй удалося ўвасобіць за апошнія гады юным турыстам-краязнаўцам: пройдзены сотні кіламетраў у катэгарыйных паходах, распрацаваны дзясяткі краязнаўчых праектаў у гады малой радзімы, пракладзеныя экскурсійныя маршруты па ўсім Гродзенскім раёне. Аднак сёлета эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце і ў краіне ўнесла свае карэктывы, і гэты факт вымусіў арганізатараў летняга адпачынку задумацца пра новыя фарматы адпачынку і аздараўлення дзяцей і падлеткаў у летні перыяд.

Практыка размяшчэння палатачнага лагера на базе стацыянарнага дзіцячага аздараўленчага лагера стала цікавым вопытам. У ДАЛ “Сузор’е” ужо створана поле ўласнай дзейнасці, свабоднай творчай самарэалізацыі дзяцей, што цалкам адпавядае мэтам і задачам праграмы профільнай змены палатачнага лагера “ДЫЯЛОГ”. Каб выключыць аўтаномнае існаванне двух выхаваўча-аздараўленчых устаноў педагогі паставілі мэту – стварыць добразычлівую атмасферу супрацоўніцтва, сфарміраваць у дзяцей і падлеткаў навыкі зносін і талерантнасці ў працэсе сумеснай сацыяльна значнай дзейнасці. Актуальнасць дружалюбнага тандэму двух лагераў ва ўмовах летняга адпачынку ўзрасла ў сувязі з аб’яўленнем у Беларусі 2021 года Годам адзінства.

Падлеткі палатачнага лагера “ДЫЯЛОГ” 12–17 гадоў, члены аб’яднанняў па інтарэсах турысцка-краязнаўчага профілю, апынуліся ў нязвыклых для сябе ўмовах, пазбавіліся звыклага распарадку і рэжыму, рамантыкі дарог. Ім не прыйшлося пераадольваць пешшу з заплечнiкамi вялікія адлегласці, яны не рыхтавалі ежу на вогнішчы, у іх не было магчымасці пажыць ва ўмовах натуральнай прыроды, адпрацаваць на практыцы турысцкія навыкі. У іх распараджэнні былі сучасная абедзеная зала, актавая і трэнажорная залы, утульная альтанка, добраўпарадкаваны пірс. Як жа зрабіць так, каб падлеткі ў новых умовах не адчувалі дыскамфорту? Каб іх чаканні спраўдзіліся і каб у іх была магчымасць рэалізаваць усе свае ідэі, задумкі. Адказ відавочны – наладзіць дыялог з “Сузор’ем”, уключыўшы падлеткаў у актыўную сумесную сацыяльна значную дзейнасць.

За аснову гульнявой ідэі ўзяты сюжэт папулярнай прыгодніцкай аповесці беларускага пісьменніка, літаратуразнаўцы і педагога Янкі Маўра “Палескія Рабінзоны”. У кнізе апісваецца дзіўная захапляльная гісторыя пра дзвух неразлучных сяброў, якія трапілі на закінуты востраў у палескіх балотах. Галоўныя героі – аматары-краязнаўцы, якія захапляюцца флорай і фаунай роднага краю і ніколі не выходзілі за межы школьнага музея. Як аказалася, тэарэтычных ведаў зусім недастаткова, каб выжываць у тых экстрэмальных умовах, у якія трапілі маладыя людзі. Кніга апавядае пра дружбу, узаемавыручку, падтрымку.

На працягу дзевяці дзён было арганізавана чытанне кнігі на ціхай гадзіне, вячэрнім агеньчыку ля вогнішча. Старшакласнікі зрабілі выснову, што турысцкія веды, фізічная падрыхтоўка – гэта незаменныя навыкі для чалавека пры любых умовах. А зладжаная праца каманды – верная прымета поспеху ў любых пачынаннях.

Адметная рыса ў рэалізацыі плана мерапрыемстваў – зрушэнне выхаваўчага вектара ў бок актыўнага выкарыстання ўдзельнікамі лагера іх турысцкага вопыту і перадачы сваіх ведаў аднагодкам, адпачывальнікам “Сузор’я”, праз зносіны на роўных, выступіўшы ў ролі настаўніка-арганізатара.

Цэнтральнае месца ў рэалізацыі праграмы профільнай змены заняло правядзенне экалагічнай акцыі “ЭкаСтайл”. У першы дзень знаходжання на тэрыторыі ДАЛ “Сузор’е” юныя турысты-эколагі ўсталявалі прыёмнікі збору другаснай сыравіны і запрасілі да ўдзелу ў акцыі па зборы пластыка і макулатуры ўсіх рабят стацыянарнага лагера. На працягу ўсёй змены лагер заставаўся чыстай тэрыторыяй. Упартае “паляванне” на смецце завяршылася масавай лінейкай, на якой былі падведзены вынікі, уручаны граматы і прызы атрадам-пераможцам.

Апошні дзень змены завяршыўся цёплым развітальным вечарам ля вогнішча “Мір. Дабро. Згода”. Напоўненая рамантыкай турысцкага жыцця сустрэча аб’яднала ўсіх і падарыла незабыўныя эмоцыі.

Несумненна, дыялог з “Сузор’ем” адбыўся. Размова атрымалася цікавай, змястоўнай, прадуктыўнай, сяброўскай, і, напэўна, яна працягнецца для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак на працягу навучальнага года.

Уключэнне дзяцей і падлеткаў у актыўную сумесную дзейнасць дазволіла зразумець усю складанасць сацыяльных адносін, сфарміраваць сацыяльную пазіцыю, вызначыць свае магчымасці ў рэалізацыі лідарскіх функцый, забяспечыла развіццё самастойнасці ў прыняцці і рэалізацыі рашэнняў для дасягнення грамадска значных мэтаў.

Правільна арганізаваная сумесная праца дазволіла вырашыць найважнейшыя педагагічныя задачы выхавання, навучання, аздараўлення, сацыяльнай адаптацыі, прафесійнай арыентацыі, фарміравання ЗЛЖ.

Калектыў педагогаў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ўпэўнены, што атрыманы вопыт прадуктыўнага ўзаемадзеяння дазволіць рэалізаваць яшчэ не адну дзіцячую ініцыятыву.

 

Святлана БУЙНОЎСКАЯ,
метадыст
Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий