На чацвёртай змене ў аздараўленчым лагеры “Свіцязь” Навагрудскага раёна рэалізоўваецца праект пад назвай “Кола часу”.
Праект дазваляе ў даступнай форме здзейсніць экскурс у мінулае і на крылах фантазіі злятаць у будучыню. Выхаванцы лагера – удзельнікі ролевай гульні, у ходзе якой яны аказваюцца ў розных гістарычных эпохах, знаёмяцца з бытам і культурай людзей.
“Кола часу” аб’ядноўвае сем эпох: першабытных людзей, міфаў і легенд, Адраджэння, Асветы, “Мы – з СССР”, “Сучаснасць”, “Мы – з будучага”. Кіруючы орган – савет мудрэйшых, за развіццё эпохі адказвае савет эпохі (орган самакіравання). Гульня запоўнена гістарычным зместам і накіравана на развіцце творчых здольнасцей выхаванцаў.
Кожны з 18 дзён мае сваю назву і накіраванасць. Дзень гісторыі, дзень спорту, дзень смелых і мужных, дзень прыроды, дзень рыцарства, дзень мастакоў і паэтаў – тэма дня задае пэўны шэраг пытанняў, адказы на якія дзеці знаходзяць у час гульнёвай і экскурсійнай дзейнасці. Традыцыйнымі ў лагеры сталі хвілінкі па бяспецы жыццядзейнасці і спартыўныя мерапрыемствы на свежым паветры. Яны праходзяць штодзень, незалежна ад асноўнай тэмы.
За час змены распрацаваны і рэалізаваны творчыя справы: марафон алімпійскіх рэкордаў, фестываль эпох “Залатая ліра”, спартыўна-забаўляльная гульня “Паляванне на тура”, конкурс пячорнага жывапісу “Вачамі першабытнага чалавека”, прэзентацыя героя “Асоба ў гісторыі”, свята нацыянальных культур “Усе разам – у будучае”.
На працягу змены выхаванцы маюць магчымасць развіць свае таленты, творчыя здольнасці, фантазію, аздаравіцца і адпачыць.
Святлана ЗАЙКО,
педагог-арганізатар
аздараўленчага лагера “Свіцязь”
Навагрудскага раёна