20 верасня ў Смаргонскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці праходзіў Дзень беларускай мовы. Дзеці знаёміліся з беларускім нацыянальным касцюмам і арнаментам.
На занятак да дзяцей сярэдняй групы ў госці завіталі лялькі ў беларускім народным адзенні. Выхаванцы пазнаёміліся з жаночым і мужчынскім народнымі касцюмамі, даведаліся пра карпатлівую працу, пры якой спалучалі тканіну, каб з яе пашыць вопратку. Пра тое, што адзенне аздаблялі прыгожым арнаментам, геаметрычным або раслінным, пра значэнне колераў на адзенні, белага, чырвонага і чорнага. Пад суправаджэнне беларускай народнай музыкі малыя разглядвалі ўзоры вышыўкі і ткацтва.
З вялікім захапленнем выхаванцы гулялі ў карагодную гульню “Маша”. Вельмі спадабалася дзецям гульня “Што гэта?”, у якой яны па чарзе даставалі з торбачкі сурвэтку, ручнік, посцілку, дыван ці абрус і пыталіся ў сяброў, што гэта за рэч, а тыя адказвалі па-беларуску. Займаліся дашкаляты таксама і моўнымі дыдактычнымі гульнямі.
Дзецям вельмі было весела, яны былі актыўнымі, з задавальненнем гулялі і стараліся размаўляць на беларускай мове.
Ганна ПАРТНОВА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
Смаргонскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці