У Бобравіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Іўеўскага раёна актыўна выкарыстоўваюцца як традыцыйныя, так і нетрадыцыйныя формы ўзаемадзеяння настаўнікаў з бацькамі навучэнцаў. Адной з іх з’яўляецца правядзенне ў шосты школьны дзень бацькоўскіх субот.
Падчас чарговай сустрэчы з бацькамі мы абмяркоўвалі тэму “Сямейныя традыцыі і побыт у люстэрку часу”, паспрабавалі раскрыць сакрэты шчаслівай сям’і, шукалі адказ на вельмі важнае пытанне: “Што неабходна, для таго каб у кожнага з нас была самая дружная, самая моцная сям’я?”. Тэма была выбрана невыпадкова, бо важнейшай задачай выхавання падрастаючага пакалення з’яўляецца адраджэнне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, якая фарміруецца праз сям’ю, гісторыю і традыцыі народа. Без пачуцця гонару за сваю спадчыну нельга стаць асобай з вялікай літары.
Месцам сустрэчы быў абраны школьны музей “Мова, культура і быт беларусаў”. Бацькі мелі магчымасць здзейсніць падарожжа ў этнаграфічнае мінулае нашай краіны, на некаторы час перанесціся ў XIX стагоддзе, пазнаёміцца з тым, як жылі і працавалі нашы продкі, як вялі гаспадарку, бавілі час, як выхоўвалі дзяцей, вызначыць, якія сямейныя традыцыі захаваліся да нашага часу. У якасці нагляднага матэрыялу былі выкарыстаны музейныя экспанаты, у зборы якіх школьнікі і іх сем’і прымаюць актыўны ўдзел. Навучэнцы правялі для сваіх бацькоў экскурсію.
Бацькі таксама не былі пасіўнымі слухачамі: дзяліліся сакрэтамі выхавання, расказвалі пра свае сямейныя традыцыі, выконвалі практычныя заданні і нават праявілі творчыя здольнасці. Кожны атрымаў памятку з карыснымі парадамі.
Галоўнае багацце нашай краіны – людзі, якія жывуць тут, ствараюць матэрыяльныя і духоўныя багацці, зберагаюць іх, каб перадаць нашчадкам. Ёсць адна каштоўнасць, якая ніколі не губляе сваёй актуальнасці і важнасці. Гэта сям’я. Менавіта ў сям’і чалавек атрымлівае любоў і клопат, першыя ўрокі дабрыні і адказнасці.
Наталля СТАНКЕВІЧ, Святлана БЕЛАБЛОЦКАЯ,
настаўнікі
Бобравіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна