Напярэдадні Дня народнага адзінства ў яслях-садзе № 28 Гродна прайшоў тэматычны тыдзень “Мы духам адзіныя і сяброўствам моцныя”.
Заняткі, гутаркі, гульні з выхаванцамі, выставы, інфармацыйныя бюлетэні – усё было падпарадкавана адной ідэі: прыцягнуць увагу дзяцей і дарослых да нацыянальных каштоўнасцей, культуры свайго народа, паказаць важнасць яднання ўсіх людзей для поспеху і росквіту краіны.
Увесь тыдзень педагогі знаёмілі выхаванцаў з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей, з іх культурай, традыцыямі, абмяркоўвалі тэмы дабра, памяркоўнасці, міру, дружбы.
Цікавай падзеяй для дашкольнікаў стала наведванне Гродзенскага культурнага цэнтра “Фестывальны”. Супрацоўнікі цэнтра пазнаёмілі дзяцей з гісторыяй самага маштабнага праекта рэспублікі, які сімвалізуе сабой яднанне ўсіх нацыянальнасцей Беларусі. Дзякуючы сучасным інтэрактыўным тэхналогіям дзеці пагрузіліся ў атмасферу фестывалю, зазірнулі на нацыянальныя падворкі, накрылі святочны стол.
Знаёмства з народнымі традыцыямі выхаванцы працягнулі ў фізкультурнай забаве. Гуляючы ў рухомыя гульні, якія адлюстроўваюць культуру і самабытнасць іншых народаў, дзеці змаглі зразумець галоўнае – нягледзячы на адрозненні ў знешнасці, мове, звычаях, традыцыях, дзеці ва ўсім свеце аднолькавыя – гарэзлівыя, дапытлівыя, рухомыя.
Завяршыўся тэматычны тыдзень акцыяй “Са святам, суседзі!”. Добрымі словамі і зробленымі сваімі рукамі паштоўкамі дашкольнікі павіншавалі сваіх суседзяў з дзяржаўным святам.
Аксана ШАЎЧЭНКА,
намеснiк загадчыка ясляў-сада № 28 Гродна