Дзень настаўніка ў Валеўскай школе

- 9:58ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Сонечным кастрычніцкім ранкам з асаблівым настроем і душэўным хваляваннем спяшаліся вучні Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна ў родную ўстанову адукацыі, каб перадаць любоў і падзяку сваім настаўнікам у дзень прафесійнага свята. Да гэтага дня яны рыхтаваліся сур’ёзна, адказна і з творчым запалам. 

Утульна, па-асенняму ў фае школы размясцілася фотазона “На школьных хвалях”, дзе кожны вучань змог пакінуць на доўгую памяць фотаздымак са сваім любімым настаўнікам, альбо прымераць на сябе роль настаўніка і нават дырэктара школы. Музычная праграма “Для Вас”, складзеная вучнямі па заяўках настаўнікаў, задавала настрой на ўвесь дзень.

Традыцыйна ў школе быў арганізаваны дзень самакіравання, які дазволіў вучням старэйшых класаў паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка, адчуць адказнасць і складанасці настаўніцкай працы, а магчыма і вызначыцца з будучай прафесіяй. І з гэтай задачай рабяты справіліся паспяхова. У рамках святочнага дня адбыўся майстар-клас з прадстаўнікамі педагагічных дынастый, настаўнікамі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, выдатнікамі адукацыі Н.К.Санько і Т.М.Сурага.

Тамара Мікалаеўна Сурага, выпускніца Валеўскай сярэдняй школы, абрала прафесію сваёй маці, якая працавала настаўнікам матэматыкі. Яна расказала пра шчаслівыя гады дзяцінства, праведзеныя ў сценах Валеўскай школы, пра яе традыцыі, настаўнікаў-прафесіяналаў і выпускнікоў, якія сталі аўтарамі гісторыі ўстановы адукацыі. Першы свой урок у ролі практыканткі яна правяла таксама ў роднай школе, у якую пасля заканчэння ўніверсітэта прыехала працаваць настаўнікам гісторыі.

Нэля Канстанцінаўна Санько расказала пра свой педагагічны шлях, з якога 34 гады працавала дырэктарам школы, пра тое, чым жыла Валеўская школа і колькі таленавітай моладзі атрымала тут пуцёўку ў дарослае жыццё.

У форме дыялогу пакаленняў з выпускнікамі школы быў намаляваны вобраз школы і настаўніка ХХІ стагоддзя. На гэтым свята не скончылася. Па-святочнаму аформлены зал размясціў сваіх гасцей за ўтульнымі столікамі для трансляцыі відэавіншаванняў, падрыхтаваных вучнямі школы, а таксама канцэртнай праграмы “Вялікі перапынак”.

Як на сапраўдным вялікім перапынку, забурліла школьнае жыццё, поўнае шчасця і радасці, гумару і песень, а побач, як заўсёды, былі настаўнікі і вучні – вечныя складальнікі сваёй альма-матэр, імя якой Валеўская школа. Свята атрымалася.

 

Людміла ТАЎКАЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий