Інфармацыйная кампанія “Мае ўчынкі – мая адказнасць”  

- 8:49ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

З мэтай павышэння прававой культуры, укаранення актыўных форм работы з навучэнцамі ў Вішнеўскім яслях-садзе – сярэдняй школе Смаргонскага раёна прайшлі мерапрыемствы ў рамках інфармацыйнай кампаніі “Мае ўчынкі – мая адказнасць”.

Загадчыкам бібліятэкі А.П.Лось была арганізавана выстава літаратуры па прававой асвеце, дзе навучэнцы, бацькі, педагогі маглі азнаёміцца з навінкамі перыядычнага друку, навучальнымі дапаможнікамі, у якіх асвятляецца прававая тэматыка.

Школьны ўзрост з’яўляецца важным перыядам фарміравання прававой культуры. Дзіця пазнае шмат пра прававыя адносіны паміж людзьмі: узнікае ўсведамленне сябе суб’ектам права, фарміруецца правасвядомасць грамадзяніна. Гэтаму дапамагаюць такія мерапрыемствы, як круглы стол “Маю права, але абавязаны” у 6-м класе, гутарка “У свеце правоў і абавязкаў” з навучэнцамі 7-га класа, гульня-падарожжа “У краіне Правоў і Абавязкаў” з навучэнцамі 2-га класа, дзелавая гульня “Мы жывём па законе” у 3-м класе. Турнір эрудытаў “Нашы правы” вызначыў самых кемлівых і ўважлівых сярод навучэнцаў 6–8-х класаў.

Старшакласнікі на класных гадзінах, якія былі праведзены ў рамках кампаніі, вывучалі правы і абавязкі чалавека, якія павінны выконвацца ў грамадстве. Навучэнцы 10-га класа прынялі ўдзел у дыскусіі “Мае правы і абавязкі”, а навучэнцы 11-га класа мелі магчымасць выказаць свае меркаванні ў час правядзення адкрытага мікрафона “Нашы правы. А абавязкі?”. Яны больш падрабязна даведаліся пра сэнс такіх паняццяў, як правапарушэнне, злачынства, пакаранне, выбар, правы, абавязкі.

Важнымі былі сустрэчы навучэнцаў з супрацоўнікамі праваахоўных органаў. На мінулым тыдні ў навучэнцаў 9-х і 11-х класаў прайшоў урок прававых ведаў з удзелам старшага памочніка пракурора Смаргонскага раёна А.Д.Чывіль, якая нагадала пра адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Такі ўрок прайшоў і ў навучэнцаў 8-х і 10-х класаў. На ім намеснік начальніка Смаргонскага РАУС А.У.Курыловіч растлумачыў, якая адказнасць існуе за выраб, распаўсюджванне і ўжыванне наркатычных сродкаў.

Актуальнай з’яўляецца неабходнасць растлумачваць падлеткам і іх бацькам правы, абавязкі і адказнасць, якімі яны валодаюць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляць кансультаванне па прававых пытаннях. Педагогам сацыяльным была праведзена кансультацыя законных прадстаўнікоў навучэнцаў па тэме “Моладзь і праблемы злачыннасці”.

Прававое выхаванне сучасных школьнікаў не можа абмяжоўвацца рамкамі ўстановы адукацыі. Практыка паказвае, што важна навучыць дзіця выкарыстоўваць прававыя веды ў рэальным жыцці, дапамагчы пераадолець цяжкасці і не здзяйсняць правапарушэнні.

 

Таццяна ШАЎЦОВА,
педагог сацыяльны
Вішнеўскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий