- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Родная Свіслаччына праз фотааб’ектыў  

Самае цікавае і незвычайнае знаходзіцца побач! У гэтым упэўнены ўсе ўдзельнікі раённага завочнага фотаконкурса “Гэта ўсё аб ім, аб раёне маім”, які прайшоў у рамках Года народнага адзінства і святкавання 765-годдзя Свіслачы. Арганізатарам мерапрыемства выступіў раённы цэнтр турызму і краязнаўства.

Дзеці ва ўзросце ад 9 да 17 гадоў, а таксама дарослыя мелі ўнікальную магчымасць прадэманстваваць свае здольнасці фотамастакоў, прадставіўшы свае працы ў трох намінацыях: “Пейзажы роднага краю”, “У фотааб’ектыве – свіслачане!”, “Гэты непаўторны мікрасвет”. Апошняя намінацыя, якая стала сапраўдным адкрыццём для ўсіх, прапаноўвала зрабіць фотаздымак амаль нябачных з-за памераў аб’ектаў у фармаце макраздымання.

Як адзначыла журы, многія ўдзельнікі конкурсу змаглі па-новаму зірнуць на навакольны свет праз камеру фотаапарата альбо сучаснага смартфона, захаваць у памяці сваіх нашчадкаў прыродныя багацці і шчаслівыя ўсмешкі жыхароў Белавежскага краю.

Найбольш яркія і каларытныя фотаздымкі, якія прынеслі іх уладальнікам прызавыя месцы, былі ў прадстаўнікоў Навадворскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна, сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы, Грынкаўскага дзіцячага сада – базавай школы, Вердаміцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы, а таксама Грынкаўскага сектара бібліятэчнай і культурнай справы, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Свіслачы.

Пераможцы і прызеры ўзнагароджаны граматамі Свіслацкага раённага цэнтра турызму і краязнаўства. 

 

Уладзімір МІХАЛЬЧЫК,
педагог-арганізатар
Свіслацкага цэнтра турызму і краязнаўства

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий