Патрыятычнае выхаванне праз вывучэнне роднага краю

- 10:59Воспитательная работа, Опыт

 

Рыгор КАРЧЭЎСКІ,
кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні
ДУА “Сіняўская сярэдняя школа”
Клецкага раёна,
Мінская вобласць

 

 

У Сіняўскай сярэдняй школе Клецкага раёна надаецца вялікая ўвага краязнаўству, у якім бачаць вялікі патэнцыял для выхавання грамадзяніна, патрыёта, працаўніка.

Школьныя настаўнікі ажыццяўляць самую адказную місію на Зямлі  – далучаюць сваіх выхаванцаў да прыгажосці роднай культуры, мовы, выхоўваюць павагу да гісторыі, традыцый роднага краю, стараюцца ўсё лепшае, што назапашана чалавецтвам, перадаць моладзі, падрыхтаваць да дарослага жыцця, да працоўнай дзейнасці.

Наша задача  – закласці аснову чалавека-грамадзяніна, гаспадара сваёй зямлі, які будзе запатрабаваны ў грамадстве, адказны за вынікі сваёй працы і за лёс дзяржавы. Веданне гісторыі свайго краю дазваляе па-новаму асэнсаваць мінулае, сучаснае і прадставіць будучае, сфарміраваць неабходныя каштоўнасныя арыенціры. Выхаванне грамадзяніна, патрыёта, працаўніка неабходна ажыццяўляць праз вывучэнне сваіх каранёў і сваіх вытокаў.

Для заняткаў краязнаўствам не трэба вялікіх фінансавых выдаткаў, не трэба працяглых паездак і дарагога абсталявання. Досыць быць больш уважлівым да людзей, якія жывуць вакол цябе, перагартаць старонкі старых газет, здзейсніць невялікую экскурсію па родным краі. І тады малая радзіма адкрые табе шмат сваіх таямніц і фактаў, якія выклічуць любоў і павагу да роднай зямлі, гонар за яе гісторыю і культуру. І стане зразумела, што без тваёй малой радзімы гісторыя Беларусі была б не поўнай, што ўся краіна складаецца з мноства такіх маленькіх непаўторных куткоў.

Дзецям вельмі падабаюцца турыстычныя паходы. Школьнікі інакш глядзяць на знаёмыя мясціны, адкрываюць штосьці новае ў звыклым навакольным свеце, і гэта выклікае ў іх адпаведныя эмоцыі: захапленне, здзіўленне, гонар, горыч, абурэнне. Самае галоўнае  – не пакідае абыякавым.

Важна пабываць на месцы падзеі, каб уявіць, як разгортваліся дзеянні, паглядзець, што зараз знаходзіцца на гэтым месцы. Дзеці па-новаму асэнсоўваюць гістарычнае мінулае краю. Часта пасля паходу дзеці вядуць размовы пра тое, што яны зрабілі б, каб перамагчы нямецка-фашысцкіх захопнікаў ці аднавіць пустуючыя вёскі. У вучняў абуджаецца пачуццё патрыятызму, маўляў, гэта мая зямля, я яе нікому не аддам, бо тут жылі, працавалі, ваявалі мае продкі.

Вучнямі нашай школы пад кіраўніцтам Алены Кулеш распрацаваны і праводзяцца экскурсіі “Ад вытокаў да сучаснасці”, якія расказваюць пра гісторю вёсак, што размешчаны на тэрыторыі Сіняўскага сельскага Савета.

Фарміраванне найважнейшых духоўна-маральных і сацыяльных каштоўнасцей, а таксама грамадзянскай актыўнасці і сацыяльна значных якасцей адбываецца падчас сустрэч з аднавяскоўцамі, з якімі сустракаешся кожны дзень, якія здаюцца, на першы погляд, самымі звычайнымі людзьмі. Падрабязнасці жыцця гэтых людзей выклікаюць у навучэнцаў захапленне, павагу да людзей старэйшага пакалення. Прыходзіць разуменне, што гэтыя людзі датычныя да гістарычных падзей, апісаных у падручніку.

Вельмі важна растлумачыць дзецям  – вы прыйдзеце на змену гэтым людзям і гісторыя ваша, гісторыя нашай краіны будзе такой, якой вы яе зробіце. Важна ўсвядоміць  – ад мяне, ад маёй пазіцыі, ад пазіцыі майго пакалення залежыць будучыня маёй Радзімы. Я  – годны працяг, справамі маімі і майго пакалення будуць ганарыцца мае дзеці і ўнукі.

У нашай школе сабраны вялікі матэрыял пра выпускнікоў, якія прысвяцілі сваё жыццё абароне Радзімы. Ён аформлены ў выглядзе стэнда “Ёсць такая прафесія  – Радзіму абараняць”. Дырэктар школы Валерый Жукоўскі помніць усіх і з захапленнем расказвае пра кожнага: якім быў школьнікам, кім стаў. За апошнія гады 127 выпускнікоў нашай школы паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі ваенных і сілавых структур. На сённяшні дзень пяць навучэнцаў займаюцца ў кадэцкіх спецыялізаваных класах.

Мы выхоўваем у вучняў пачуццё павагі да працоўных спраў нашых сучаснікаў, гонар за поспехі і дасягненні землякоў. Дзеці павінны цвёрда ведаць: тое, што адбываецца цяпер, таксама стане калісьці гісторыяй, а значыць, мы ў адказнасці за тое, якой яна будзе.

Не заўсёды намаганні вучняў прыводзяць да знаходак, жаданага выніку, але сам працэс пошуку, творчасці захапляе, мае вялікае выхаваўчае значэнне. Так пачынаецца цікавасць да гісторыі роднага краю, нараджаецца павага да свайго народа, парастачкі нацыянальнай свядомасці, годнасці, патрыятызму.

Даследчая работа вучняў пад кіраўніцтвам Таццяны Шэйко пра часы Першай сусветнай вайны на нашых землях знайшла практычны працяг: у вёсцы быў устаноўлены помнік сёстрам міласэрнасці.

Працоўныя акцыі па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля помнікаў, дапамогі аднавяскоўцам не павінны быць прымеркаваны толькі да нейкіх дат. Яны праводзяцца рэгулярна і вучаць дзяцей быць назіральнымі, заўважаць тых, каму патрэбна дапамога. У мінулым навучальным годзе пярвічная арганізацыя БРСМ Сіняўскай сярэдняй школы Клецкага раёна была адзначана падзякай за актыўны ўдзел у валанцёрскім руху.

На базе нашай школы створаны рэсурсны цэнтр па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні, кіраўніком якога з’яўляецца намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Радміла Карпава. Мы імкнёмся павысіць узровень духоўнай культуры вучняў, планамерна і паслядоўна, педагагічна эфектыўна выхоўваць дзяцей на слаўных традыцыях краю, на прыкладзе працавітых і таленавітых землякоў.

Хоць вынікі патрыятычнага выхавання будуць бачныя праз гады, першыя высновы можна зрабіць ужо сёння. Галоўнае  – гэта цікавасць дзяцей да вывучэння гісторыі роднага краю, гонар за сваіх землякоў, неабыякавасць да таго, што адбываецца побач.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий