- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Вандроўка ў аграгарадок Крэва   

Цудоўным сонечным ранкам вучні 9 “Б” класа сярэдняй школы № 7 Смаргоні накіраваліся на экскурсію ў аграгарадок Крэва, каб пазнаёміцца з яго найбагацейшай гісторыяй і самабытнымі традыцыямі.

У Крэўскім гісторыка-краязнаўчым музеі мясцовай школы мы даведаліся, што першыя згадкі пра гэтае месца былі ў XIII стагоддзі ў нямецкіх хроніках. У пачатку XIV стагоддзя вялікім князем Гедымінам тут быў закладзены каменны замак; менавіта тут у 1385 годзе была падпісана Крэўская унія. У XVII–XVIII стагоддзях Крэва здабыло Магдэбургскае права. Некаторыя экспанаты музея пазнаёмілі нас з асаблівасцямі побыту і рамяства мясцовых жыхароў у XIX стагоддзі.

Зараз Крэўскі замак – гэта руіны, якія толькі нядаўна пачалі рэстаўрыраваць. Але нават у такім становішчы пабудовы адчуваецца энергетыка велічных збудаванняў, якія перажылі восем стагоддзяў. У нас была магчымасць дакрануцца да сцен замка, якія захавалі шматвекавую гісторыю, пачуць шматлікія легенды пра тайны і мясцовыя прывіды.

Стомленыя, але задаволеныя мы пакінулі сцены замка. Дадому вярталіся ў цудоўным настроі, маючы намер вярнуцца сюды праз некаторы час зноў, каб убачыць адзін з самых знакавых замкаў Беларусі ва ўсёй яго велічы.

 

Святлана ЛЯХ,
класны кіраўнік 9 Б класа
сярэдняй школы № 7 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий