- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У шосты школьны дзень адправіліся на раскопкі  

Цікава і незвычайна прайшла гэтая субота для некаторых навучэнцаў Лелюкінскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Іўеўскага раёна. Вучні 6-х і 8-х класаў прынялі ўдзел у правядзенні археалагічных даследаванняў на тэрыторыі раёна.

Раскопкі праводзіліся ля Заходняй Бярэзіны на стаянцы каменнага века Мылёва пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка аддзела археалогii першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі Святланы Велент-Шчэрбач. Удзельнікі мерапрыемства атрымалі ўнікальную магчымасць дакрануцца да мінулага роднага краю, уявіць сабе, як жыло і чым займалася насельніцтва на нашай тэрыторыі шмат тысяч гадоў назад. Сярод знаходак трапіліся крэмянёвыя вырабы і фрагменты керамікі.

Неабходна зазначыць, што ўдзел у такіх мерапрыемствах для лелюкінскіх школьнікаў не з’яўляецца чымсьці новым і незнаёмым. На працягу чатырох гадоў падчас летніх канікул на базе ўстановы адукацыі дзейнічаў археалагічны лагер “Спадчына”, таксама навучэнцы пастаянна прымаюць удзел у раскопках на тэрыторыі раёна ў якасці валанцёраў.

Атрыманыя падчас раскопак практычныя і тэарытычныя веды школьнікі паспяхова выкарыстоўваюць для падрыхтоўкі матэрыялаў па вучэбным прадмеце “Гісторыя Беларусі” на занятках па тэме “Наш край”, на факультатыўных занятках і краязнаўчых канферэнцыях.

 

Андрэй ВАЎЧОК,
настаўнік гісторыі
Лелюкінскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна


Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий