На базе Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна працуе аб’яднанне па інтарэсах My robot ад Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Сучасны свет гатовы даць дзіцяці многа цікавага, а галоўнае, карыснага. Адным з такіх варыянтаў з’яўляецца робататэхніка.
Заняткі, якія праходзяць адзін раз на тыдзень па дзве гадзіны, наведваюць 12 дзяцей 7–8 гадоў. У якасці асноўнага абсталявання выкарыстоўваюцца канструктары Lego. Вучні працуюць з наборам Lego Mindstorms Education EV3. Ён забяспечвае прастату пры зборцы пачатковых мадэлей, што дазваляе атрымаць вынік у межах аднаго або пары ўрокаў.
Праграмнае забеспячэнне Lego Mindstorms Education EV3 мае шырокія магчымасці, у прыватнасці, дазваляе весці рабочы сшытак і прадстаўляць свае праекты прама ў асяроддзі праграмнага забеспячэння Lego EV3. Робататэхніка адкрывае добрыя магчымасці для развіцця камунікатыўных здольнасцей. Працуючы ў парах ці групах, дзеці вучацца дамаўляцца і супрацоўнічаць, прэзентаваць праекты, задаваць пытанні і адказваць на іх, перадаваць веды навічкам, на практыцы асвойваць асновы алгарытмізацыі і праграмавання.
Бацькі з цікавасцю назіраюць за захапленнем сваіх дзяцей робататэхнікай, сочаць за іх поспехамі ў асваенні новых тэхналогій, радуюцца, што дзеці з карысцю праводзяць вольны час.
Аб’яднанне па інтарэсах My robot адкрывае шырокія магчымасці перад выхаванцамі і ў будучыні можа даць старт у прафесію. Захапляючыя заняткі па робататэхніцы развіваюць мысленне, папаўняюць слоўнікавы запас, фарміруюць камунікатыўныя ўменні, навыкі вядзення дыскусіі, вучаць працаваць у камандзе.
Аляксандр БАНДЫСІК,
настаўнік матэматыкі і інфарматыкі
Гудзевіцкай сярэдняй школы
Мастоўскага раёна