Экалагічны калейдаскоп прайшоў у Навадворскай школе  

- 13:49ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Навадворскай сярэдняй школе Свіслацкага раёна, дзе экалагічнае выхаванне з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў выхаваўчай работы, прашло традыцыйнае агульнашкольнае экалагічнае свята.

Экалагічнае выхаванне ў школе рэалізуецца праз сістэмную шматбаковую дзейнасць: работу факультатываў, рэалізацыю праектаў, правядзенне акцый і мерапрыемстваў. Свой статус раённага рэсурснага цэнтра ўстанова адукацыі пацвердзіла ў 2021 годзе дыпломам III ступені на рэспубліканскім конкурсе “Зялёныя школы”.

Традыцыйным стала правядзенне ў першай чвэрці навучальнага года агульнашкольнага свята, прысвечанага экалагічнай тэматыцы. Трэба дадаць, што кожны год фармат свята мяняецца, бо мяняецца само жыццё: змяняюцца прыярытэты, з’яўляюцца новыя формы экалагічнага выхавання, памяншаецца колькасць вучняў (сёлета іх 59).

30 кастрычніка традыцыйнае агульнашкольнае свята, якое прайшло ў рамках шостага школьнага дня, было праведзена як экалагічны калейдаскоп, таму што ўяўляла сабою спалучэнне некалькіх разнастайных форм.

Падрыхтоўка да свята пачалася за тры тыдні. Вучні пачатковай школы рыхтаваліся да конкурсу падзелак з прыроднага матэрыялу “Прыгажосць – навокал!”, дзе асноўным крытэрыем пры падвядзенні вынікаў журы лічыла масавасць, самастойнасць і эстэтычны густ пры выкананні работ. Бацькам дапамагаць вучням дазвалялася, а класным кіраўнікам – толькі ў арганізацыйным плане. І атрымалася вельмі здорава! Пры ўзнагароджванні многія з вучняў не маглі стрымаць эмоцый, асабліва тыя, для каго гэтыя ўзнагароды – першыя ў школьным жыцці.

Вучням сярэдніх класаў было прапанавана стварыць прэзентацыю “Наша школьная восень”, у якой адлюстраваць не толькі прыгажосць асенняй прыроды, але і свае карысныя справы экалагічнага характару, якія дапамагаюць зрабіць наш родны край утульным і прыгожым.

Старшакласнікі ж рыхтаваліся да ўдзелу ў конкурсе касцюмаў “Другое жыццё”. Дэфіле прадэманстравала не толькі варыянты выкарыстання другаснай сыравіны, але і эстэтычны густ вучняў, крэатыўны падыход і ўменне зрабіць рэкламу свайму касцюму.

Вечарына, якую ладзіла ўся школа, была праведзена ў форме інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?” на экалагічную тэматыку. Самым цікавым было тое, што ў гульні ўдзельначала дзве каманды: настаўнікаў і вучняў старшых класаў. Прычым абедзве каманды мелі вялікую колькасць тых, хто за іх перажываў і жадаў перамогі. Перамаглі педагогі, але ім давялося няпроста, бо іх вучні прадэманстравалі добрыя веды, уменне лагічна мысліць і працаваць у камандзе. Падчас музычных паўз гледачам былі прапанаваны разнастайныя нумары мастацкай самадзейнасці, падрыхтаваныя вучнямі школы. Увесь тыдзень працавала тэматычная выстава “Экалогія – шлях да разумення прыроды”.

Свята атрымалася! Кожны з яго ўдзельнікаў не толькі меў магчымасць засяродзіць увагу на экалагічных праблемах сучаснасці, але і на практыцы зразумець, што можа зрабіць менавіта ён, каб гэтыя праблемы вырашыць хаця б часткова.

 

Ларыса ПАРХІМОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Навадворскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий