Калейдаскоп мерапрыемстваў у межах месячніка “Тваё жыццё – твой выбар”

- 17:30ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Раклевічскім дзіцячым садзе – базавай школе Дзятлаўскага раёна пры актыўным удзеле ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу прайшоў месячнік “Тваё жыццё – твой выбар”. Педагогі правялі са школьнікамі гутаркі пра тое, што кожны чалавек можа будаваць сваё жыццё і як многа можна здзейсніць, калі праяўляць актыўную жыццёвую пазіцыю, не быць абыякавым да таго, што адбываецца побач.

Вучні пачатковых класаў разам з настаўніцай Т.М.Вішнарэўскай у цёплы сонечны восеньскі дзень выйшлі на тэрыторыю школы з рознакаляровымі крэйдамі, каб у малюнках выказаць сваё дзіцячае стаўленне да жыцця. Яны аб’ядналі сваю творчасць агульнай тэмай “Фарбы жыцця”, а калі скончылі работу, убачылі, што ўсе фарбы яркія, светлыя, жыццёсцвярджальныя.

Вучні 4-га класа сабраліся ў цесны кружок, каб павесці размову пра тое, што такое шчасце , як быць не толькі самому шчаслівым, але па магчымасці дапамагчы стаць шчаслівым і таму, хто побач. У вырашэнні пытання дзецям дапамагала настаўніца Ж.Г.Жых.

Вучні старшых класаў сабраліся разам з класным кіраўніком Е.В.Стракоўскай, каб правесці інтэрактыўныя заняткі па фарміраванні пазітыўных адносін да жыцця. Вучні выказвалі свае думкі, часам яны не супадалі, што стварала спрыяльныя ўмовы для пошукаў ісціны. У выніку напружанай працы атрымалася фотагазета “Прыгажосць жыцця”.

У час месячніка валанцёры арганізавалі акцыю “Усміхніся жыццю!”, падчас якой выходзілі ў аграгарадок і раздавалі жыхарам тэматычныя буклеты і лістоўкі. Класныя кіраўнікі Н.А.Сокал і К.В.Фарбер правялі з вучнямі 5–7-х класаў інтэрактыўную гульню “100 прычын для добрага настрою”. Заключным акордам месячніка “Тваё жыццё – твой выбар!” стаў флэшмоб “Усміхніся жыццю – ты яму падабаешся!”, які выклікаў у дзяцей шмат станоўчых эмоцый.

Прыемна было назіраць, як яны дзеляцца імі паміж сабою. Твары дзяцей свецяцца – гэта самае каштоўнае, бо яны ўпэўнены, што ўсё будзе добра, што ёсць дарослыя, якія іх падтрымаюць, дапамогуць, пахваляць, дадуць добрую параду. Так, мы, дарослыя, у адказе за дзяцей і ад нас у большай ступені залежыць, якімі яны вырастуць, як складзецца іх лёс. Дзеці – наша будучыня і будучыня нашай краіны.

 

Н.Ф.КАНЯВЕГА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Раклевічскага дзіцячага сада – базавай школы
Дзятлаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий