Выхаванцаў другой малодшай группы № 1 дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка паўсядзённа вучаць правільна абыходзіцца з энергіяй, таму што так можна не толькі скараціць затраты, але і зберагчы навакольны свет ад разбурэння.
Праводзяцца гутаркі, назіранні, чытанне мастацкай літаратуры, сумесныя мерапрыемствы з бацькамі, напрыклад, конкурс малюнкаў. Свае ўражанні дзеці адлюстроўваюць у выяўленчай дзейнасці – у лепцы, маляванні. Яны гуляюць у моўныя гульні “Гісторыя лампачкі”, “Закончы сказ”, дыдактычныя – “Збяры карцінку”, “Выкладзі з палачак”, “Знайдзі падобны прадмет”. Так дзеці вучацца эканоміць простымі і недарагімі спосабамі, набываюць новыя ўменні і навыкі.
Самай значнай падзеяй у гэтым накірунку стаў удзел у рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон”. Ствараючы відэаролік, дзеці не толькі набылі веды эканамічнага выкарыстання энергарэсурсаў, але і замацавалі некаторыя з іх на практыцы. Цяпер хлопчыкі і дзяўчынкі ведаюць, як зберагчы ваду, электраэнергію, цяпло.
І вельмі важна, каб атрыманыя веды і навыкі ператварыліся ў выхаванцаў у правілы паводзін па эканоміі энергарэсурсаў у паўсядзённым жыцці.
Іна МАКСІМОВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка