XXII справаздачна-выбарчы злёт “Піянеры XXI стагоддзя” прайшоў у Віцебску на базе РУП “Белтэлекам” у змешаным фармаце (анлайн/афлайн).
Старшынёй Віцебскага абласнога Савета БРПА аднагалосна пераабраная Ірына Еленская, намеснікам старшыні – Вера Лісовіч, якая ўзначальвае Полацкую раённую арганізацыю і ўваходзіць у Цэнтральны Савет Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.
Удзел у абмеркаванні вынікаў дзейнасці абласной піянерскай арганізацыі за тры гады, вызначэнні прыярытэтных напрамкаў работы, выбарах абласнога Савета і яго кіраўнікоў прынялі 329 дэлегатаў, у тым ліку прадстаўнікі раённых арганізацый, лідары і кіраўнікі піянерскага руху, ганаровыя піянеры, члены дзіцячай і дарослай палат абласнога Савета БРПА. Сярод ганаровых гасцей злёта былі памочнік Прэзідэнта па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, старшыні Цэнтральнага Савета БРПА Аляксандра Ганчарова і Віцебскага абласнога Каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Валяр’ян Мацкевіч, лідары Віцебскай абласной арганізацыі БРСМ Уладзімір Бабічаў і Смаленскай абласной грамадскай арганізацыі РСМ Яўгеній Захаранкаў, начальнік аддзела выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Вольга Дарожка і дырэктар Віцебскага абласнога палаца моладзі Дзмітрый Андрэеў.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным Саветам БРПА