У Клайшанскай базавай школе Воранаўскага раёна рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі развіцця гатоўнасці педагога да прафесійнай самарэалізацыі ў інтэграванай адукацыйна-прафесійнай прасторы”, навуковым кансультантам якога з’яўляецца рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі кандыдат педагагічных навук, дацэнт Святлана Сяргейка.
З кастрычніка ва ўстанове адукацыі ў рамках праекта для педагогаў арганізавана работа “Лабараторыі самапазнання”, мэтай якой з’яўляецца вывучэнне настаўнікамі ўзроўню прафесійнай самарэалізацыі і гатоўнасці да яе, уласных каштоўнасных арыентацый, патрэб, магчымасцей і перспектыў у прафесіі.
Кожная тэма ў “Лабараторыя самапазнання” прапрацоўваецца педагогамі праз чатыры блокі: тэарэтычны, дыягнастычны, практычны, псіхалагічны. З кожным блокам, акрамя практычнага, удзельнікі працуюць самастойна пад кіраўніцтвам членаў творчай групы.
Чарговы занятак “Каштоўнасныя арыентацыі” пачаўся з прыёму “Інтэлектуальная аэробіка”, дзе неабходна было дапісаць тэрмін, пра які ідзе гаворка. Практыкаванне дазволіла пераасэнсаваць свой прафесійны вопыт, узгадаць, што такое “педагагічны такт”, “светапогляд”, “каштоўнасці” і іншыя паняцці.
У дыягнастычным блоку ўдзельнікі праекта запоўнілі методыку “Каштоўнасныя арыентацыі па М.Рокічу” і методыку “Метафары прафесійнай дзейнасці”. Гэтыя дыягностыкі дапамаглі структурыраваць каштоўнасныя арыентацыі і выявіць узровень захаплення прафесіяй.
Падчас правядзення занятка з элементамі трэнінгу “Мае прафесійныя каштоўнасці” педагогі калектыўна склалі спіс з дзесяці кніг, якія павінен прачытаць кожны чалавек для фарміравання светапогляду. Вызначылі з дапамогай групавой работы прыярытэты з дванаццаці напрамкаў педагагічнай дзейнасці. Выбралі з прапанаваных дэвізаў найбольш прыдатныя да прафесіі настаўніка, ахарактарызавалі людзей, якія жывуць па гэтых стратэгіях.
З мэтай зваротнай сувязі ўдзельнікі праекта атрымалі хатняе заданне: прыдумаць дэвіз, які дакладней за ўсё адлюстроўвае асабістую пазіцыю кожнага ў прафесіі і запоўніць рэфлексіўную старонку ў асабістай запісной кніжцы, прапрацаваўшы дзесяць каштоўнасцей, якія прапанаваў Франклін як самыя важныя для паспяховага жыцця.
Закранутая тэма фарміравання прафесійных каштоўнасцей і сэнсаў была актуальнай для ўдзельнікаў праекта. Падчас рэфлексіі педагогі выказалі думку, што занятак па тэме дапамог ім адкрыцца новым ідэям.
Алена МІКША,
дырэктар
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна