Трэцякласнікі паўдзельнічалі ў квесце “Мой край – мая Радзіма”

- 14:14ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Навучэнцы 3-га класа Асінаўшчызненскага ясляў-сада – пачатковай школы Смаргонскага раёна на класнай гадзіне, прысвечанай грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню, прайшлі квест “Мой край – мая Радзіма”. Дзеці не только праверылі веды пра краіну, але і даведаліся шмат новага, яшчэ раз пераканаліся ў прыгажосці і непаўторнасці беларускай зямлі, адчулі гонар за Радзіму.

Квест складаўся з шасці станцый, на кожнай з якіх вучні павінны былі адшукаць частку пазла. Выконваючы заданні, школьнікі атрымлівалі падказкі, дзе схавана чарговая дэталь. У канцы гульні павінна была атрымацца сабраная з частак-абласцей карта Беларусі. На працягу ўсёй гульні дзецям дапамагаў “чароўны компас”: ён накіроўваў іх на станцыі квесту.

Пачатковай кропкай маршруту компас абраў станцыю “Сімвалы”. Навучэнцы ўзгадалі дзяржаўныя і прыродныя сімвалы нашай краіны, склалі з частак герб Беларусі і параўналі цяперашні варыянт з папярэднім. Першы пазл чакаў удзельнікаў у куточку класа з інфармацыяй пра Беларусь.

Другая станцыя была прысвечана вуснай народнай творчасці беларусаў. Дзеці збіралі прыказкі пра Радзіму, успаміналі беларускія народныя казкі і, паспяхова выканаўшы заданні, знайшлі пазл у куточку чытання.

Далей цудоўны компас адправіў іх у “Беларусь літаратурную”, дзе вучні паказалі, наколькі добра яны ведаюць нашых пісьменнікаў і іх творы. На гэтай станцыі ўсе трошкі адпачылі і паслухалі прыгожыя вершы пра родны край. Пасля гэтага школьнікі пабылі перакладчыкамі і паказалі, што добра валодаюць дзвюма дзяржаўнымі мовамі. Апошні конкурс падказаў, што чарговы пазл схаваны на палічцы са слоўнікамі.

На наступнай станцыі хлопчыкі і дзяўчынкі абмяркоўвалі беларускую прыроду. Пасля правільных адказаў на пытанні і цалкам адгаданых анаграм яны знайшлі чацвёртую частку карты ў “раслінным свеце” класа.

Напрыканцы квесту маленькім беларусам давялося пабываць на святочнай станцыі. Размеркаваўшы беларускія святы па порах года, яны адшукалі перадапошні пазл каля навагодняй ёлкі.

На заключнай станцыі дзеці калектыўна склалі сінквейн “Беларусь”, які стаў цудоўным вынікам усяго квесту. Знайшоўшы апошнюю частку, вучні аб’ядналі ўсе пазлы – у іх атрымалася карта Беларусі.

Пасля занятку дзеці падзяліліся сваімі ўражаннямі. Стала зразумела, што такія гульні натхняюць іх на тое, каб кожны дзень адкрываць для сябе штосьці новае пра Беларусь, заўважаць яе прыгажосць, цаніць дабрыню і таленавітасць нашага народа.

 

Наталля ПАРЖОН,
настаўнік пачатковых класаў
Асінаўшчызненскага ясляў-сада – пачатковай школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий