Ваенныя шляхі Міхаіла Шыша  

- 13:03Наш музей

Вельмі важна, калі нашчадкі шануюць памяць пра сваіх продкаў. Я хачу паведаць пра свайго дзядулю, Міхаіла Аляксандравіча Шыша, які пакінуў вельмі значны след у гісторыі Смаргоншчыны.

Нарадзіўся мой дзядуля ў 1917 годзе на станцыі Тырэць Іркуцкай вобласці (Расія), куды падчас Першай сусветнай вайны былі вывезены яго бацькі.

У 1922 г. вярнуўся разам з бацькамі ў вёску Базары Смаргонскага раёна, дзе сустрэў вайну і пражыў усё сваё жыццё. Па прыкладзе свайго старэйшага брата Іллі Міхаіл прымкнуў да змагароў на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Рана ўступіў у камсамол, узначаліў камсамольскую ячэйку. Актыўны ўдзельнік КПЗБ. У 1939 г. за актыўную антыпольскую дзейнасць трапіў у Картуза-Бярозаўскую турму.

Напачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў старшынёй Базарскага сельскага савета. У 1942 г. працаваў ў якасці сувязнога на нелегальным становішчы. Пазней, па заданні Мінскага падполля, быў накіраваны на працу ў Вілейку. У Вілейцы працаваў у падпольнай арганізаціі з сакавіка 1942 г. па жнівень 1943 г. Група, у якую ўваходзіў М.А.Шыш, дзейнічала ў акружной і гарадской паліцэйскіх управах. Працаваў па заданні падпольшчыкаў у паліцыі кладаўшчыком на складзе зброі. Працуючы на складзе зброі і боепрыпасаў Міхаіл Аляксандравіч садзейнічаў, каб зброю са склада пераносілі на кватэры падпольшчыкаў М.Дурэйкі, А.Магілёўчыка і З.Чыжэўскай, а потым перапраўлялі ў партызанскія атрады. Са жніўня 1943 г. быў перапраўлены ў партызанскі атрад “Барацьба”, які знаходзіўся пры штабе партызанскай брыгады “Народныя мсціўцы” імя В.Т.Варанянскага. 27 верасня 1943 г. прыняў удзел у “рэйкавай вайне” на перагоне чыгуначнай дарогі “Куранец – Княгініна”. 31 кастрычніка 1943 г. браў удзел у разгроме варожага гарнізона м. Куранец, Вілейскай вобласці. 21 студзеня 1944 г. пры выкананні баявой задачы, падчас пераходу чыгуначнай дарогі Куранец – Княгіна, быў паранены. Міхаіл Аляксандравіч прымаў непасрэдны ўдзел у замініраванні ў Вілейцы шэрага будынкаў, дзе жылі і працавалі немцы – пра дыверсію стала вядома фашыстам, але ж дом прапаганды і гебіткамісарыят узарваць удалося. Менавіта пасля дыверсіі М.А.Шыш пайшоў у партызаны, бо заставацца ў Вілейцы было ўжо небяспечна. Прымаў удзел у распаўсюджванні прапагандысцкіх антыгітлераўскіх лістовак сярод паліцыянтаў Вілейкі.

У нашай сям’і гісторыя жыцця майго дзядулі перадаецца з пакаленння ў пакаленне. Захоўваюцца як рэліквіі ордэны і медалі дзядулі, пажоўклыя лісты, выцвілыя фатаграфіі. Я часта іх разглядаю і ўспамінаю дзядуліны аповеды пра вайну. Ведае пра свайго прадзеда-героя і мая дарослая дачушка Кацярына. Мы ганарымся тым, што на нашай Смаргоншчыне жылі і жывуць такія гераічныя людзі, якім мы вельмі ўдзячны за мірнае неба над галавой, за сённяшні дзень і за будучыню.

 

Марына ЛАПЫЦЬКА,
педагог-псіхолаг
сярэдняй школы № 5 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий