Кадэцкі баль прайшоў у Магілёве  

- 9:07МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

У Магілёве адбыўся традыцыйны штогадовы кадэцкі баль. Мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.

– Свята мужнасці, доблесці, прыгажосці і маладосці. Усё гэта – наш кадэцкі баль. Мы праводзім яго ўжо адзінаццаты год запар. Такім чынам адраджаем афіцэрскія традыцыі. Імкнёмся выхаваць у кадэтаў не толькі патрыятызм, пачуццё абавязку і адказнасці, але і годныя нормы паводзін у грамадстве. Хлопцы вучацца паважліва і галантна весці размову з дзяўчатамі, асвойваюць класічныя бальныя танцы. Кожны навучэнец надае вялікае значэнне балю. Кадэты заўсёды чакаюць гэтую ўрачыстасць і старанна да яе рыхтуюцца, – распавёў дырэктар Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча імя Я.Нікалаенкі Юрый Грышанаў.

Сёлета ўдзельнікамі балю сталі больш за 60 кадэтаў, а таксама выхаванкі студыі эстраднага танца “Эдэльвейс” гарадскога цэнтра творчасці “Эверэст”. Ганаровымі гасцямі ўрачыстасці былі прадстаўнікі выканаўчай улады і грамадскіх арганізацый рэгіёна, Міністэрства спорту і турызму, кіраўнікі сілавых структур і ведамстваў.

Пачатак балю даў вальс. Пасля яго змянялі паланез, полька, іншыя танцы. Кадэты ў параднай форме і дзяўчыны ў прыбраных белых сукенках кружыліся ў чароўных рытмах музыкі па паркеце…

Але падчас свята маладыя людзі не толькі шмат танцавалі. Для іх і запрошаных гасцей былі арганізаваны розныя гульні-забавы. Акрамя таго, кадэты прадэманстравалі страявыя прыёмы, навыкі рукапашнага бою і абыходжання са зброяй. Вакальна-інструментальны ансамбль вучылішча парадаваў прысутных творчымі нумарамі. Своеасаблівай адметнасцю стала выступленне кадэта Вячаслава Чапялова, які выканаў брэйк-данс.

– Традыцыя правядзення кадэцкіх баляў вельмі прыгожая і мае даўнія карані. Цудоўна, што яна захоўваецца. Кадэты выканалі шмат выдатных нумароў. Выхаванцы вучылішча сёння маюць усе ўмовы для ўсебаковага развіцця і шмат у чым гэта – заслуга педагагічнага калектыву навучальнай установы, – адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

Пасля заканчэння ўрачыстага мерапрыемства кожны юны ўдзельнік атрымаў салодкі падарунак. Навагоднія падарункі ўручаліся і кіраўніцтву кадэцкага вучылішча. Усе яны будуць накіраваны на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальнай установы.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий