У Полацкім кадэцкім вучылішчы прайшла прысяга. Традыцыя прысвячэння ў кадэты захоўваецца ва ўстанове адукацыі з часоў утворанага ў 1835 годзе легендарнага Полацкага кадэцкага корпуса.
Урачыстасць пачалася з ранішняга пастраення і ўручэння пагонаў 83-м хлопцам і дзяўчатам, хто сёлета ўпершыню пераступіў парог кадэцкага вучылішча. Яго дырэктар Станіслаў Красоўскі павіншаваў выхаванцаў са святам, а таксама з юбілеем адраджэння альма матар: 15 гадоў споўнілася з часу, калі ў сярэдняй школе № 4 быў адкрыты першы кадэцкі клас. У кафедральным Богаяўленскім саборы Полацка быў адслужаны малебен свяціцелю Мікалаю Цудатворцу, якога полацкія кадэты лічаць сваім апекуном. У сценах установы адукацыі прайшла сустрэча кадэт з маці і ўдавой яго выпускніка, Героя Беларусі, гвардыі лейтэнанта Мікіты Куканенкі. Загадам дырэктара ваенны лётчык звяна вучэбна-баявой эскадрыллі, які ў мінулым маі ў складзе экіпажа коштам жыцця адвёў самалёт ад жылых дамоў, навечна залічаны ў спісы асабовага складу вучылішча.
Працяг цырыманіялу з удзелам шматлікіх ганаровых гасцей адбыўся ў цэнтры культуры “Полацк”. Навучэнцы пакляліся служыць Радзіме, з гонарам несці званне кадэт і быць дастойнымі яго. “Вернасць клятве з’яўляецца адзінкай вымярэння маральнасці кадэт, іх спраў і ўчынкаў”, — віншуючы герояў свята, падкрэсліў намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кадлубай. У падарунак вучылішчу ён перадаў спартыўны інвентар і гістарычны артэфакт – знакамітую “мосінку”, вінтоўку-трохлінейку ўзору 1891/1930 гг. Старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч пажадаў кадэтам заўсёды быць прыкладам для сваіх равеснікаў, захоўваць вернасць Радзіме, свята шанаваць сяброўства і гонар роднага вучылішча. Епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій павіншаваў юных кадэт і паднёс кожнаму Святое Евангелле. Па традыцыі Полацкага кадэцкага корпуса, да мерапрыемства і віншаванняў далучыліся выпускнікі вучылішча – сённяшнія курсанты і афіцэры. Старшыня Рэспубліканскага Савета Беларускага саюза сувораўцаў і кадэт Сяргей Жыціхін зачытаў зварот да маладога кадэта, напісаны першасувораўцамі, выпускнікамі сувораўскіх, нахімаўскіх, кадэцкіх вучылішчаў. “Нягледзячы на вялікую розніцу ва ўзросце, усе мы выхаванцы адной школы – кадэцкай, дзе ўсім нам прывіты пачуццё гонару, абавязку і сумленнага служэння Айчыне, вернасці сувораўска-кадэцкім традыцыям і кадэцкаму братэрству, — адзначаецца ў звароце. — Гэтыя высакародныя пачуцці нас аб’ядноўваюць і родняць. Мы хочам пажадаць табе праз усё жыццё помніць пра тое, што ў цябе цяпер званне – кадэт, якому трэба адпавядаць, быць узорам прыстойнасці, вернасці дадзенаму слову, патрабавальным да сябе і справядлівым да таварышаў, захоўваць і прымнажаць спадчыну нашага народа, помніць і трымацца запаветаў ветэранаў”.
Таццяна Бондарава
Фота аўтара