Навагрудскія школьнікі наведалі замкавы комплекс “Мір”

- 18:01ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Вучні 4 “А” класа сярэдняй школы № 3 Навагрудка наведалі ўнікальны помнік нацыянальнай культуры Беларусі, які ўнесены ў спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА – замкавы комплекс “Мір”.

На тэрыторыі комплекса прадстаўлены Мірскі замак канца ХVІ – XX стагоддзяў, царква-пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх, домік вартаўніка, руіны палаца апошніх яго ўладальнікаў, прыдарожная капліца, англійскі пейзажны парк з сажалкай, рэшткі італьянскага саду, земляныя валы з бастыёнамі. У замку-музеі налічваецца 39 эксапазіцыйных і выставачных залаў.

Вучням была прапанавана экскурсія з элементамі тэатралізацыі “Чароўная гісторыя ў Мірскім замку”. Карысную інфармацыю падабралі з улікам узросту дзяцей. Так, хлопчыкаў “князь Радзівіл Сіротка” “прысвяціў у рыцары”. У бальнай зале побач з прыгожай навагодняй ёлкай дзеці вучыліся танцаваць паланез. Даведаліся, якім чынам атаплівалі замкі ў тыя часы, як некалі сустракалі гасцей, чым іх уражвалі, якія прыдумвалі забаўлянкі.

Цікавай была гісторыя пра запечанага ў торце голуба: прыдворны повар схаваў сюрпрыз, і, калі пачастунак пачалі разразаць, адтуль на здзіўленне ўсім вылецела птушка.

Дзеці спускаліся ў падвалы замка, каб паглядзець, як было наладжана захоўванне харчовых прадуктаў. Змаглі пабачыць памяшканне, адведзенае пад турму. Падымаліся на самы верх вежы, адкуль некалі скідвалі на ворагаў вялікія каменныя ядры і дзе зараз у байніцах шугаюць вятры і адкрываецца самы захапляльны краявід на ўсю ваколіцу.

Адчуць подых даўніны, дакрануцца да цагляных сцен, уявіць, што недзе 400 гадоў таму нехта сваімі рукамі цэгла за цэглай складаў гэтыя магутныя сцены… Падняцца па неверагодна крутой лесвіцы на самы верх старажытнай вежы, паглядзець, як некалі жылі людзі, што іх цікавіла, чым яны займаліся, дзе спалі, з якога посуду елі… Усе гэта можна зрабіць у Мірскім замку, дзверы якога заўсёды адчынены для тых, хто шукае яркія ўражанні ад сустрэчы з жывой гісторыяй Беларусі.

 

Дар’я КАРАВАЙ, 
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
Інеса ШЧАНСНОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы № 3 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий