Карысны і цікавы мабільны дадатак стварылі навучэнцы сярэдняй школы № 1 Касцюковіч Уладзіслаў Касцючэнка і Дзмітрый Сердзюкоў.
Дадатак атрымаў назву “Belarusian Heritage”. З яго дапамогай можна даведацца шмат новага пра гісторыю, культуру і спадчыну Беларусі.
– Дадатак распрацаваны з выкарыстаннем элементаў метаду сторытэлінга. Ён складаецца з асобных скрынаў, фота і відэафрагментаў, тэматычных заданняў. У ім прысутнічае ўласны гід і ёсць тры раздзелы: “Славутасці”, “Вядомыя людзі Беларусі”, “Асаблівасці”. А яшчэ карыстальнікі могуць для сябе абраць як рускую, так і англійскую мову. Дадатак будзе карысны для замежных турыстаў, якія хочуць больш дэталёва пазнаёміцца з нашай краінай. Акрамя таго, яго можна актыўна выкарыстоўваць на ўроках англійскай мовы, гісторыі, мастацтва, літаратуры, пры правядзенні пазакласных мерапрыемстваў, віртуальных экскурсій па Беларусі, – расказала кіраўнік праекта, настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Таццяна Панасюга.
Са сваім праектам касцюковіцкія школьнікі паспяхова прайшлі адборы на навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Хлопцы сталі ўдзельнікамі адукацыйнай змены, якая стартуе з 10-га студзеня.
Ганна СІНЬКЕВІЧ