“Валеўскія фалькларысты” вывучалі сваю мясцовасць  

- 10:47ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Беларусам я завуся, родным краем ганаруся!” – пад такім дэвізам вырашылі сёлета арганізаваць зімнюю аздараўленчую кампанію ў Валеўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Навагрудскага раёна.

Выхаванцы аздараўленчага лагера “Валеўскія фалькларысты” паспрабавалі раскрыць усе таямніцы сваёй мясцовасці, даследавалі багатыя этнаграфічныя традыцыі, рыхтавалі і праводзілі зімовыя святы народнага календара з улікам адметных асаблівасцей фальклору Валеўскага краю.

Этнаграфічны экскурс “Вандроўка па Валеўскім краі” паведаў дзецям гістарычны сакрэт пра паходжанне назвы Валеўка, пра тое, што наша і навакольныя вёскі, як і Наваградак, вельмі старажытныя, і што рака наша была шырокай і паўнаводнай, па ёй прыплывалі караблі з розных краін, таму яшчэ ў XIX стагоддзі Валеўка лічылася гандлёвым мястэчкам.

Што такое музей, дзецям вядома, а вось што ён можа схавацца ў чамадане, – гэта было адкрыццём! Аказваецца, што ў гэтай загадкавай скрыні магла змясціцца цэлая эпоха! Віртуальнае падарожжа “Гісторыя на ёлачных галінках” перанесла дзяцей у эпоху СССР і раней. Яны дазналіся, як святкавалі Новы год іх прадзеды і прапрадзеды і якімі незвычайнымі, на наш погляд, цацкамі ўпрыгожваліся тады ёлачкі.

“Любі свой край і пазнавай!” – гэта наказ нашых продкаў нашчадкам. Дзе ж знаходзяцца складнікі нашай духоўнай спадчыны? Ну, вядома, у нашым школьным народным гісторыка-краязнаўчым музеі, куды мы і завіталі разам з яго кіраўніком Нэляй Санько. І адразу адчулі, што стаім ля вытокаў малой радзімы. Сабраны з любоўю багаты фонд нашага музея пазнаёміў з асаблівасцямі сялянскага побыту. Церніца, калаўрот, прасніца, цэп, чыгуны, гліняныя гаршкі, гладышы, маслабойка, драўляныя ночвы – прадметы, без якіх раней не ўяўлялася жыццё селяніна.

“Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаём сваю Радзіму!” – літаратурна-этнаграфічная кампазіцыя з такой назвай садзейнічала ажыццяўленню духоўна-маральнага, патрыятычнага выхавання дзяцей. Выхаванцы лагера даведаліся, што па адметным, своеасаблівым узоры на ручніку можна зазірнуць у гісторыю роднага краю. Калі прачытаць выкарыстаныя ва ўзорах сімвалы, можна даведацца, пра што марылі і чаго жадалі майстрыхі тым, для каго ткалі ды вышывалі ручнікі. А якім цікавым стала вывучэнне і дэманстрацыя абраду “Уваходзіны”! Выключную павагу да продкаў у нашых дзяцей выклікаў той факт, што хату на сяле аднавяскоўцы будавалі гуртам і святкавалі ўваходзіны ўсе разам!

Завіталі нашы выхаванцы ў чарговы раз і ў раённы цэнтр рамёстваў. Як заўсёды, вельмі гасцінна, з добрай усмешкай сустрэла нас метадыст-майстар Вольга Юшкевіч. Тут нашы вучні сталі ўдзельнікамі майстар-класа “Ох і ткала Ульяніца лянок…” і паспрабавалі сябе ў ткацкай справе.

Падчас фальклорна-этнаграфічнай квест-гульні “Як даўні скарб, як спадчына нам даравана мова матчына!” настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганна Гайдук сумела раскрыць і паказаць дзецям усе “залацінкі” і “іскрынкі” трапнага беларускага слова. Лагічным працягам практычнага накірунку стала фальклорная кампазіцыя “Валеўскія вячоркі або Піліпаўскімі вечарамі”. Дзеці самі сталі ўдзельнікамі цікавай імпрэзы, убачылі, як раней была абсталявана звычайная сялянская хата, пазнаёміліся з традыцыямі, гульнямі, музыкай, песнямі беларускага народа.

Нараджэнне Хрыстова – свята, якое займае асаблівае месца ў жыцці практычна ўсіх людзей. Выхаванцы нашага аздараўленчага лагера завіталі ў Валеўскую Петра-Паўлаўскую царкву, дзе нас сустрэў настаяцель айцец Ілья, які расказаў пра слаўную гісторыю нашага знакамітага помніка беларускага дойлідства. А яшчэ дзеці сталі ўдзельнікамі выдатнай старадаўняй традыцыі – пад Каляды ставіць вярцеп.

Дзіўную гісторыю паведалі нам юныя артысты лялечнага тэатра “Батлейка”, у які нас гасцінна запрасіла прыветлівая гаспадыня Ніна Пашкевіч, настаўніца сярэдняй школы № 1 Навагрудка. А яе вучні падчас прадстаўлення пад назвай “Заззяла зорка Віфлеемская” вельмі ўрачыста і змястоўна праз сваіх герояў перадалі падзеі Святой Ночы.

Патрэбна адзначыць, што ўсе мерапрыемствы не на словах, а на справе садзейнічалі выхаванню любові да багатай спадчыны сваёй Бацькаўшчыны, павагі да этнакультуры нашых продкаў.

Калядныя гульні, урачыстая лінейка і ўзнагароджанне актыўных удзельнікаў завяршылі работу нашага аздараўленчага лагера, каб з такім жа вясёлым і бадзёрым настроем пачаць новую навучальную чвэрць у новым 2022 годзе.

 

Ірына РАЧКО,
дырэктар аздараўленчага лагера “Валеўскія фалькларысты”
Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий