Выхаванка рознаўзроставай групы Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна Варвара Саламейчук прыняла ўдзел у раённым этапе рэспубліканскага конкурсу даследчыцкіх работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я – даследчык» і была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені.
Разам са сваім выхавальнікам дзяўчынка прадставіла на конкурс даследчыцкую работу “Як з агародніны і ягад атрымаць фарбы”. Чаму менавіта такая тэма? Варвара Саламейчук вельмі любіць маляваць. Аднойчы яна задалася пытаннем, ці не паспрабаваць ёй самой зрабіць фарбы. Так пачалося актыўнае даследаванне. Дзяўчынка сумесна з выхавальнікам ставіла мэту, вырашала праблемы, ставіла гіпотэзы і правярала іх вопытным шляхам, рабіла вывады.
Варвара даведалася, што для таго, каб атрымаць фарбы з агародніны і ягад, трэба спачатку атрымаць сок з іх. Для гэтага яна прыгатавала агародніну і ягады, церла іх на дробнай тарцы і выціскала сок з атрыманай масы. У яе атрымаліся сокі рознага колеру і са своеасаблівым водарам. Каб фарбы былі гусцейшыя, яна дабавіла ў іх мёд.
Варвара адчула сябе сапраўдным даследчыкам, калі пазнаёмілася з прыроднымі матэрыяламі і іх уласцівасцямі. Дзяўчынка паказала свае мастацкія таленты і даказала, што атрыманымі фарбамі можна маляваць на паперы.
Удзельнічаючы ў працэсе даследавання, Варвара адчула радасць, здзіўленне і нават захапленне: у яе атрымалася зрабіць фарбу з агародніны і ягад.
Алена МАЛАШЭЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Алена ЯБЛОНСКАЯ,
выхавальнік рознаўзроставай групы
Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна