Тыдзень роднай мовы ў дзіцячым садку Смаргоні

- 15:49ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Сёлета да Дня роднай мовы ў яслях-садзе № 8 Смаргоні быў распрацаваны шэраг цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў, прысвечаных Францыску Скарыне і яго “Малой падарожнай кніжцы”.

Дзеці на даступным ім узроўні пазнаёміліся з дзейнасцю першадрукара, даведаліся, чаму беларусы ганарацца і ўшаноўваюць памяць пра яго. Вядомы беларускі мастак і кніжны ілюстратар Мікола Купава стварыў каляндар на 2022 год. Твор прысвечаны 500-годдзю напісання “Малой падарожнай кніжкі”, выдадзенай Ф.Скарынам у 1522 годзе ў Вільні, што стала пачаткам кнігадрукавання ў ВКЛ. Мастак лічыць, што такая рэч, як каляндар, стане і данінай павагі, і добрым сродкам распаўсюджвання ведаў пра беларускага першадрукара. Адзін з экзэмпляраў мастак падарыў групе выхаванцаў, і гэта паклала аснову для стварэння фотавыставы “Францыск Скарына – беларускі першадрукар”. На працягу тыдня дзеці знаёміліся з асобай і дзейнасцю славутага палачаніна, расказвалі сваім бацькам цікавыя моманты, якія ім запомніліся.

Хлопчыкі і дзяўчынкі гулялі ў займальныя аўтарскія гульні, чыталі і слухалі вершы беларускіх пісьменнікаў, стваралі калаж і паштоўкі, удзельнічалі ў гістарычных хвілінках, а самае галоўнае – іх маленькія сэрцы напаўняліся любоўю да беларускай мовы, яе багацця і прыгажосці. Выхаванцы ўсвядомілі сваю прыналежнасць да славутага, працавітага і таленавітага народа, які ведаюць ва ўсім свеце, які мае сваю годнасць, гісторыю і культуру.

Не абмінулі мы сваёй увагай і асобу Францішка Багушэвіча, нашага земляка. Словы публіцыста і пісьменніка “Не пакідайце мовы сваёй беларускай, каб не ўмёрлі” высечаны не толькі на гранітным помніку ў гарадскім цэнтральным парку Смаргоні і ўпрыгожваюць мурал на адной з шматпавярховак роднага горада, але сталі крылатым выразам для ўсіх беларусаў. Малышы зацікавіліся гісторыяй “мужыцкага адваката”, і ў іх з’явілася мара наведаць музей-сядзібу пісьменніка ў Кушлянах, захацелася яшчэ раз схадзіць разам з бацькамі да помніка Францішку Багушэвічу, бо цяпер яны глядзелі на яго другімі вачамі, свядома і з павагай.

Дзеці павінны ведаць гісторыю краіны, мець сваё стаўленне да яе. І не трэба баяцца, што малыя чагосьці не зразумеюць, ім будзе складана ці нецікава, гэта ўжо адказнасць і майстэрства педагога. Дзеці, як і дарослыя, разумеюць сэрцам, а пасля, цаглінка за цаглінкай, з новых ведаў, уласнага досведу дабудоўваюць свет асобы, фарміруюць яе каштоўнасці і самасвядомасць.

 

Эдзіта БРАНЦЭВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 8 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий