Тыдзень беларускай мовы і літаратуры прайшоў у сярэдняй школе гарадскога пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна. Мерапрыемствы вылучаліся разнастайнасцю формаў, выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій.
Напачатку была аформлена і наладжана інфармацыйная прастора школы: стэнд, кніжная выстава “Пісьменнікі – юбіляры 2022 года”. У першы дзень, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, вучні 10-га класа прымалі ўдзел у напісанні Гродзенскага абласнога дыктанта “Музей паэта”.
У рамках тыдня настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Таццянай Данешчык былі праведзены гульня-віктарына “Смак роднай мовы”, квест “Вучымся, гуляем, на роднай мове размаўляем”, вечар адпачынку “Сцяжынкамі роднай мовы”.
Мною былі арганізаваны выступленне лектарскай групы “Мая родная, мая адзіная…”, акцыя “Маё любімае беларускае слова”, акцыя “Чытаем Купалу разам”, конкурс плакатаў “Два яблыкі на адной галінцы”. Турнір знаўцаў роднай мовы “Таямніцамі роднай мовы” і квест “Беларуская скарбонка” правяла Валянціна Жамойціна.
Вельмі цікава прайшоў адкрыты ўрок па беларускай літаратуры ў 7 “В” класе на тэму “Змітрок Бядуля “На Каляды к сыну”, на якім разглядалася праблема ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей.
Завяршыўся тыдзень вечарам адпачынку “Сцяжынкамі роднай мовы”, які прайшоў у форме конкурснай праграмы.
Дзякуючы працы настаўнікаў і вучняў тыдзень беларускай мовы і літаратуры прайшоў у святочным настроі і на высокім узроўні.
Аксана АНІСЕНЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы г.п. Краснасельскі