Для вучняў 10-х класаў Азёркаўскай, Мілявіцкай і Курылавіцкай сярэдніх школ была арганізавана экскурсія ў рамках пілотнага праекта – праграмы вучэбных экскурсій для вучняў старшых класаў, распрацаванага Міністэрствам адукацыі для далучэння падрастаючага пакалення да гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю.
Мэтай нашай паездкі стала наведванне жыровіцкіх святынь у Слонімскім раёне, і гэта было вельмі актуальна: літаральна нядаўна ў курсе гісторыі Беларусі для 10-х класаў пачалося вывучэнне раздзела “Рэлігійнае становішча на беларускіх землях”.
Архітэктурны ансамбль Жыровіцкага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра, які склаўся ў ХVІІ–ХVІІІ ст., уключае ў сябе тры храмы, будынак семінарыі, жылы корпус, трапезную, бальніцу і гаспадарчыя пабудовы. З першых крокаў па тэрыторыі святыні тут уражвае ўсё: чысціня і ўтульнасць, дагледжанасць і акуратнасць, а яшчэ ў большай меры – незвычайная цішыня, спакой і размеранасць жыцця, якія пануюць тут. Вось дзе сапраўды пачынаеш разумець, што ў жыцці галоўнае не матэрыяльнае багацце і даброты, а багацце духоўнае, дабрата чалавечых адносін і чысціня памкненняў! Такія думкі яшчэ больш узмацніў малады семінарыст, які правёў для нас цікавую пазнавальную экскурсію. Назаўсёды ў памяці застанецца яго аповед пра абраз – маленькі авал з яшмы, на адным баку якога рэльефная выява Маці Божай тыпу Замілавання з дзіцём на правай руцэ. Менавіта ў гонар яе, знойдзенай мясцовымі пастушкамі ў 1470 г. на грушы-дзічцы, была пабудавана спачатку драўляная царква Прасвятой Багародзіцы, а пасля яе пажару – каменны Свята-Успенскі сабор. Цудатворны абраз, які захоўваецца там і зараз, працягвае даваць вылячэнне многім людзям. За сваю доўгую гісторыю сабор быў і ўніяцкай, і праваслаўнай святыняй, якая прываблівала да сябе тысячы веруючых.
Яшчэ адзін храм вельмі здзівіў і ўразіў нас – Крыжаўзвіжанская царква. Не, не веліччу і памерамі, як Свята-Успенскі сабор, а незвычайным архітэктурным вырашэннем. Ад самага ўваходу ўверх вядуць 28 стромкіх драўляных ступеняў лесвіцы, якая сімвалізуе пакутны апошні шлях Хрыста. Аналаг такой лесвіцы ёсць толькі ў Рыме. Многія шчырыя вернікі падымаюцца па гэтых прыступках на каленях.
Нарэшце, калі дадаць, што на тэрыторыі манастыра мы змаглі набыць розныя святыні (абразкі, крыжыкі, свечкі), паесці сапраўднага манастырскага хлеба, набраць святой вады і зазірнуць у купель, то ўражанне будзе амаль што поўным. Амаль – таму што наш цудоўны вадзіцель на зваротным шляху згадзіўся завезці нас яшчэ і ў сынкавіцкую царкву. Гэта і стала апошняй кропляй перапаўняўшых нас уражанняў. Справа ў тым, што гэта не проста царква, а царква-крэпасць, якая з часу свайго заснавання з канца ХV cт. выконвала ролю абаронцы ад ворагаў. І сёння яна здзіўляе трываласцю і магутнасцю сваіх сцен і байніц-машыкуляў. У Беларусі толькі два такіх храмы абарончага тыпу: другі знаходзіцца ў в. Мураванка Шчучынскага раёна. Спадзяёмся ў хуткім часе пазнаёміцца таксама з ім не толькі па старонках школьных падручнікаў.
Наша цудоўнае падарожжа было б проста немагчыма без яго падтрымкі і арганізацыі з боку раённага аддзела адукацыі. Таму мы хочам выказаць словы шчырай падзякі начальніку ўпраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама Валянціну Ціхановічу, галоўнаму спецыялісту Людміле Маскевіч і нашаму вадзіцелю Васілію Сароку.
Ірына ГАРБАЦЭВІЧ,
настаўнік гісторыі
Азёркаўскай сярэдняй школы
Мастоўскага раёна