Пазнавальная экскурсія ў сталіцу сыраваткінскіх школьнікаў

- 17:42ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Год гістарычнай памяці з мэтай патрыятычнага выхавання для вучняў Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы Смаргонскага раёна ў чарговы раз была арганізавана экскурсія ў Мінск.

Праязджаючы на аўтобусе па праспекце Пераможцаў, мы ўбачылі аб’ект асаблівай значнасці, які з’яўляецца цэнтрам актыўнага грамадска-палітычнага і дзелавога жыцця нашай краіны – Палац Незалежнасці. Ён знаходзіцца ў знакавым сталічным квартале: побач плошча Дзяржаўнага сцяга, парк Перамогі, дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і знакамітая стэла “Мінск – горад-герой”. З вялікім задавальненнем мы праехалі па вуліцах горада. Уражвалі сваёй прыгажосцю і разнастайнасцю архітэктурныя формы і будынкі сталіцы: Палац мастацкай гімнастыкі, спартыўны комплекс “Мінск-Арэна”, будынак дзяржаўнага цырка, Палац культуры прафсаюзаў, будынкі жылых комплексаў. Нібы нябесныя караблі, узносіліся ўвысь шпілі будынкаў касцёлаў і праваслаўных храмаў…

Пакінуўшы на стаянцы аўтобус, мы прайшліся ўздоўж прыгожай вуліцы М.Багдановіча, сфатаграфаваліся каля велічнага будынка Вялікага тэатра Беларусі і накіраваліся ў гістарычны цэнтр Мінска – Траецкае прадмесце. Менавіта тут нарадзіўся Максім Багдановіч і жыла сям’я Янкі Купалы. Гэта вельмі прыгожае, ціхае месца на беразе Свіслачы з утульнымі вулачкамі і невысокімі дамамі з чарапічнымі дахамі, дзе працякае спакойнае жыццё гараджан. Мы прагульваліся па набярэжнай Свіслачы, назіралі за птушкамі і проста любаваліся прыгожымі краявідамі.

Перайшоўшы праз невялікі гарбаты мост з Траецкага прадмесця, мы трапілі яшчэ на адно знакавае месца Мінска – востраў Мужнасці і Смутку, востраў слёз. Гэта мемарыял, прысвечаны беларускім воінам-інтэрнацыяналістам, якія загінулі ў Афганістане ў 1979–1989 гадах. У той страшнай працяглай вайне ўдзельнічала каля трыццаці тысяч беларусаў. Амаль 800 з іх загінула, амаль 720 чалавек засталіся калекамі. У дзень вываду савецкіх войскаў з Афганістана на востраў слёз прыязджаюць ветэраны афганскай вайны, сваякі жывых і загінулых. Немагчыма не прасякнуцца атмасферай гэтага месца! Плача каменны Анёл па ахвярах вайны ў Афганістане, журботна чакаюць і ўжо ніколі не дачакаюцца сваіх сыноў каменныя постаці жанчын, якія сімвалізуюць беларускіх маці. Востраў слёз – гэта не толькі помнік ахвярам афганскай вайны, гэта знак журбы па ўсіх беларусах, што загінулі ў розныя часы і ў розных войнах. У гэтым месцы не хочацца нічога гаварыць, а проста моўчкі аддаць даніну памяці і павагі.

Практычна ў кожным горадзе ёсць месца, якое ўвасабляе сабой такую памятную для ўсіх падзею, як Дзень Перамогі. Будучы ў Мінску, мы не маглі не наведаць Плошчу Перамогі – месца ўвекавечання памяці мільёнаў загінулых у Другой сусветнай вайне. Крыху стомленыя, але задаволеныя нашым падарожжам, мы вярталіся дамоў з новым багажом ведаў.

 

Людміла РАМАНОЎСКАЯ,
кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні
Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий