Пра знакамітага паэта-земляка школьнікам распавяла аднакласніца І.Леткі Соф’я Затоўкіна

- 11:44ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Багата зямля беларуская знакамітымі людзьмі. Іван Летка – вядомы паэт Бераставіччыны. Яго вершы пранікнуты павагай да людзей і захапленнем роднымі мясцінамі. Валанцёры са Старадварэцкага ясляў-сада – базавай школы Бераставіцкага раёна наладзілі сувязь з аднакласніцай І.Леткі – Соф’яй Андрэеўнай Затоўкінай (Сакалоўскай), жыхаркай аграгарадка Вярэйкі Ваўкавыскага раёна.

Успаміны школьнай сяброўкі паэта былі вельмі цікавымі і змястоўнымі. Соф’я Андрэеўна расказала шмат цікавага пра жыццё знакамітага земляка, яго дзяцінства і школьныя гады, распавяла, якім чалавекам быў Яська, як называлі яго школьныя сябры. Вучні даведаліся, як весела і цікава было з ім на перапынках, пачулі пра цяжкасці, з якімі давялося сутыкнуцца. Зацікавіў дзяцей і расказ пра настаўнікаў Масалянскай школы Бераставіцкага раёна, якую скончыў будучы паэт.

– Іван Летка выхоўваўся ў мнагадзетнай сям’і. Яго браты Філіп, Антолік, Санька і сёстры Зоя, Гэля і Гандзя былі дружнымі і працавітымі. Пасляваеннае дзяцінства было цяжкім і суровым. Дзеці рана засталіся без бацькоў. Быў у жыццёвым лёсе паэта і дзіцячы дом у вёсцы Стары Дворац. Аднойчы ён праваліўся на саджалцы пад лёд. У выніку пераахалоджвання цэлы год хлопчык праляжаў. У 7-ы клас Іван пайшоў у Масалянскую школу Бераставіцкага раёна. Дзеці ў класе былі рознага ўзросту, але хлопчыка ўсе прынялі вельмі добра. Яська – так ласкава называлі Івана Летку ў класе. Ён любіў творы У.Маякоўскага, якія чытаў на перапынках, добра маляваў, граў на гітары і баяне. На перапынках вучні класа амаль не выходзілі ў калідор. У класе заўсёды чуліся жарты і смех. Гэта Ясь весяліў дзяцей на перапынку. Цікавыя гісторыі так і сыпаліся з яго вуснаў. Асабліва ён любіў расказваць пра “жаранага гэнся”. Па характары быў вельмі добры, да кожнага мог падыйсці, знайсці ласкавае слова. Са старэйшымі мог “пазадзірацца”, таму што яны называлі яго Ясюк, – распавядала школьнікам Соф’я Затоўкіна.

Запомнілася ёй таксама, што калі ў школу на вечары сустрэчы прыязджаў І.Летка,  – гэта было вялікае свята, на якое імкнуліся папасці ўсе. Асабліва значнай была сустрэча, прысвечаная 50-годдзю школы. Свае вершаваныя радкі І.Летка прысвяціў аднакласнікам. Некаторыя з іх Соф’я Андрэеўна памятае на памяць.

…Успаміны, успаміны! Як мала іх застаецца з кожным годам ад жывых сведак гісторыі, і як важна для моладзі пачуць жывое слова, каб адчуць сапраўдны подых мінулага.

 

Зоя УЦЕПЯРГЕНАВА,
класны кіраўнік 9-га класа,
Старадварэцкага ясляў-сада – базавай школы
Бераставіцкага раёна

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий