Факультатыўны курс “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” ў сярэдняй школе № 16 Гродна

- 9:00Воспитательная работа, Методичка

 

Людміла ЖДАНЮК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 16 г. Гродна”

 

 

У імклівы век панавання глабальных тэхналогій асаблівую актуальнасць набыло пытанне захавання духоўнасці. Нам, педагогам, зараз, як ніколі, неабходна дбаць пра тое, каб падрастаючае пакаленне не страціла лепшыя чалавечыя якасці, захоўвала традыцыі продкаў, выкарыстоўвала гістарычны вопыт. Менавіта на гэтых прынцыпах грунтуецца праграма факультатыўнага курса “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, які выкладаецца ў сярэдняй школе № 16 Гродна.

На занятках мы ўзбагачаем кругагляд наконт народных звычаяў, вывучаем культурную спадчыну беларусаў, наладжваем рэканструкцыю абрадаў. Імкнёмся, каб змястоўны інфармацыйны матэрыял перамяжоўваўся з прывабнай візуалізацыяй і прадукцыйнай дзейнасцю. Як вядома, успрымаць сухія лекцыйныя звесткі даволі складана, асабліва сучаснаму пакаленню з кліпавым мысленнем, таму для эфектыўнага засваення тэмы вельмі важна стварыць яркую карцінку, якая застанецца ў памяці. Гэтаму садзейнічае выкарыстанне прэзентацый і відэасюжэтаў, выстава тэматычнай атрыбутыкі, фотаінсталяцыя. Калі вучні могуць не толькі пачуць, але і ўбачыць, і нават патрымаць у руках, яны гэта запомняць.

Значнае месца праграмай факультатыва адводзіцца на вывучэнне рэлігійных тэм. Безумоўна, рэлігійныя каноны папулярызуюць лепшыя чалавечыя якасці: дабрыню, спагаду, цярплівасць, сумленнасць. Яны вельмі патрэбны сучаснаму грамадству. На прыкладзе сюжэтаў з Бібліі паказваецца, як сябе паводзілі знакамітыя героі ў складаных сітуацыях і як адаптаваць гэты прыклад на сённяшні дзень. Асаблівая ўвага ўдзяляецца рэлігійным святам. Дзеці прызвычаіліся да Каляд, Масленіцы, Вялікадня, аднак не заўсёды ўсведамляюць іх сутнасць. Мы імкнёмся, каб падчас заняткаў запоўніліся прабелы ў ведах на рэлігійную тэматыку, былі атрыманы ўсе адказы на пытанні, якія няёмка было задаваць раней, і фрагментарныя звесткі склаліся ў адзіную карціну.

Асаблівую папулярнасць набыло правядзенне літаратурна-музычных кампазіцый, прымеркаваных да рэлігійных свят. З дапамогай інсцэніроўкі звычаяў і абрадаў дзеці, ужываючыся ў ролю, паглыбляюцца ў гісторыю, што спрыяе яе разуменню. З крэатывам мы падыходзім да стварэння дэкарацый, каб дакладней узнавіць самабытны фон і атмасферу. На сцэне сваё месца знаходзяць экспанаты з музея, хатнія рэчы, банеры з тэматычнымі выявамі, нават стылізаваныя сучасныя прадметы. Тое ж самае датычыцца і касцюмаў персанажаў. Дзеці з энтузіязмам бяруцца за справу: з задавальненнем спрабуюць сябе ў ролі рэжысёра, касцюмера, дэкаратара, сцэнарыста. Канешне, большасць з іх выступаюць у ролі юных акцёраў. Вельмі адказна прымяраць на сябе амплуа знакамітага біблейскага героя, таму яны ставяцца да гэтага з сур’ёзнасцю. Пацвярджэннем стала праведзеная імпрэза “Заззяла Калядная зорка”. Спачатку гледачы ўбачылі, як анёл прынёс добрую вестку пастухам, потым як тыя пайшлі пакланіцца маленькаму Збавіцелю ў пячору, далей валхвы раіліся пра падарунак Месіі. Значнасць момантаў заварожвала.

Самабытным велікодным звычаям было прысвечана мерапрыемства “Свята Вялічка з чырвоным яечкам”. На сцэне была арганізавана інсталяцыя сялянскай хаты. Маляўнічыя дэкарацыі і ўжо стаўшыя рарытэтнымі прадметы нібы перанеслі нас на стагоддзе назад. Здавалася, на сцэне з’явіўся партал у мінулае: так яскрава мы бачылі калаўрот, печку, абраз з ручніком, “цыбаты асвер” (калодзеж), будку з сабачкам. У цэнтры пакоя так званай чыстай палавіны пачэснае месца займаў стол з велікоднай атрыбутыкай: яйкі-маляванкі, духмяны пірог, “пасха” з тварагу – усё сапраўднае. Каля стала завіхалася бабуля, а хутка завіталі да яе ў госці ўнукі. Бабуля тлумачыла шматлікія народныя звычаі і прыкметы. Асабліва ж захапіла гульня ў біткі, калі спрабавалі на моц маляваныя яечкі. Пасля ўзнавілі яшчэ абрад хаджэння валачобнікаў.

Знакавым было тое, што мерапрыемствы наведваў настаяцель храма Афанасія Брэсцкага ў мікрараёне Зарыца айцец Вячаслаў, які адзначаў важкасць выхаваўчай дзейнасці ў гэтым кірунку. Таксама свяшчэннік запрасіў навучэнцаў на экскурсію ў сваю царкву, у тым ліку запланаваў узыходжанне на званніцу.

Праграмай факультатыва прадугледжана вывучэнне духоўнага краязнаўства. Сапраўды, вельмі цікава даведацца падрабязней пра тое, што побач, што стала ўжо звыклым. Як вядома, Гродна – старажытны горад, багаты на помнікі архітэктуры, у тым ліку, храмы. Прывабліваюць турыстаў Барысаглебская царква (Каложа) і Свята-Пакроўскі кафедральны сабор. Яны не толькі ўпрыгожваюць гарадскую панараму, але і нагадваюць пра духоўныя складнікі беларускай нацыі. Наведванне святынь спрыяе іх усвядомленаму ўшанаванню, бо пачынаеш разумець велічнасць стылю будынка, унутранага ўбранства і нават месцазнаходжання.

Дзякуючы факультатыўнаму курсу “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” вучні маюць магчымасць дакрануцца да культурнай спадчыны продкаў, здзейсніць падарожжа ў мінулае, паўдзельнічаць у народных абрадах. Інтэрактыўная форма правядзення заняткаў садзейнічае большай зацікаўленасці, а гэта азначае, што гістарычны ланцужок памяці не перарвецца.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий