Па маршруце “Дзятлава – Хатынь – Мінск – Дзятлава” праехалі школьнікі

- 9:15ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Вучні 4–5-х класаў сярэдняй школы № 1 Дзятлава адправіліся ў падарожжа па маршруце “Дзятлава – Хатынь – Мінск – Дзятлава”, каб у Год гістарычнай памяці на свае вочы ўбачыць мемарыяльны комплекс “Хатынь” і наведаць музей Вялікай Айчыннай вайны.

Мемарыяльны комплекс “Хатынь” унікальны тым, што ўшаноўвае памяць пра жыхароў спаленых беларускіх вёсак і мірных людзей, знішчаных нацыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пільную ўвагу вучняў прыцягнула бронзавая скульптура “Няскоранага чалавека” і сімвалічны дах пуні, у якой зажыва спалілі людзей. Прайшлі па адзіным ва ўсім свеце “Могільніку вёсак”, давялося падняцца на “Мур памяці” – помнік усім жыхарам Беларусі, незалежна ад нацыянальнасці ці веравызнання, якіх знішчылі нацысты. Падышлі да Вечнага агню, каб ушанаваць памяць пра кожнага чацвёртага жыхара Беларусі, які загінуў у гады вайны.

Наступны прыпынак – Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта першы ў свеце музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, найбуйнейшае сховішча артэфактаў. Установа вельмі ўразіла сваёй велічынёй і напаўняльнасцю. У музеі дзейнічае дзесяць экспазіцыйных залаў і Зала Перамогі, размешчаная пад шкляным купалам. Над купалам – сімвал Сцяга Перамогі. Ён уяўляе сабой палотнішча чырвонага колеру з выявай пяціканцовай зоркі, сярпа і молата.

Зала Перамогі з’яўляецца мемарыяльнай, тут увекавечаны імёны герояў Савецкага Саюза – ураджэнцаў Беларусі, або якія атрымалі званне героя на тэрыторыі Беларусі, імёны поўных кавалераў ордэна Славы, пералічаныя воінскія фарміраванні, якія атрымалі ганаровыя найменні за вызваленне Беларусі.

Некалькі гадзін у музеі праляцелі як адна хвіліна, якая напоўніла нашыя душы незабыўнымі момантамі. Пакрочыўшы па залах музея, разглядзеўшы экспанаты, мы значна пашырылі нашы звесткі пра вайну. Нас перапаўнялі разнастайныя эмоцыі: здзіўленне, жах, слёзы, гонар за ўсіх герояў і простых людзей, якія змаглі выстаяць і здабыць для нас перамогу.

 

Марына ПАЎЛЮЧЫК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Дзятлава

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий