Эфектна і эфектыўна

- 8:19В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Папоўніць сваю прафесійную скарбонку цікавымі знаходкамі калег дазволіў раённы фестываль“Мой любімы метадычны прыём”, які аб’яднаў на базе гімназіі № 61 Мінска настаўнікаў англійскай мовы.

Важным фактарам у авалодванні замежнай мовай з’яўляецца падтрыманне пастаяннай цікавасці навучэнцаў да прадмета. Высокая матывацыя актывізуе іх пазнавальную дзейнасць і мысленне на ўроку, выклікаючы патрэбу ў зносінах, адлюстроўвае ўзровень эфектыўнасці навучання. 

Фестываль быў арганізаваны ў форме ролевай гульні “Акварыум”: група педагогаў знаходзіцца ў цэнтры аўдыторыі ў своеасаблівым акварыуме. Выступоўца ставіць перад прысутнымі пэўную праблему, задае пытанні, прапаноўвае выканаць заданні, і педагогі, якія знаходзяцца ў “акварыуме”, прымаюць актыўны ўдзел у рабоце. Астатнія ж выступаюць у ролі назіральнікаў, што дазваляе ім “пражываць” сітуацыю. Прычым склад цэнтральнай групы можа мяняцца.

Кожнаму ўдзельніку неабходна было прадставіць у рэальным часе свой любімы метадычны прыём з выкарыстаннем нагляднасці і практычных матэрыялаў. Настаўнікі прэзентавалі такія эфектыўныя прыёмы, як TopTen, “Халодны абзвон”, “Вертыкальная дыскусія”, Suitcase, “Чатыры вуглы”, “Эмодзі” і іншыя, апісвалі, на якіх этапах вучэбных заняткаў іх можна выкарыстоўваць. 

“Кругі Эйлера”

Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 61 Мінска Людміла Масальская ў межах тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення выкарыстоўвае “Кругі Эйлера”. Звычайна яны перасякаюцца. У месцы перасячэння кругоў запісваецца падабенства даследуемых прадметаў і з’яў, у кругах фіксуюцца адрозненні. З дапамогай гэтых кругоў можна выявіць агульнае ў прадметах ці з’явах, якія параўноўваюцца, падкрэсліць адрозненні і абагульніць веды па выбранай тэме. Гэты прыём спрашчае вучням разважанні і дапамагае хутчэй і прасцей атрымаць адказ на пастаўленае настаўнікам пытанне. 

— Прыём арганічна ўпісваецца ў любы этап вучэбных заняткаў у 5—11 класах пры арганізацыі парнай і групавой работы, — адзначае педагог. — На першы погляд складана знайсці аб’екты для параўнання ў межах матэрыялу, які вывучаецца, аднак, калі ўдумацца, знайсці такія аб’екты няцяжка. Напрыклад, можна параўноўваць розную садавіну, агародніну паміж сабой па форме, колеры, памеры, па смакавых якасцях, дзе вырошчваюць, як выкарыстоўваюць, дзе і г.д. Лёгка і проста параўнаць жывёл. У дзяцей багатая фантазія, і яны знаходзяць падабенства ў непадобных, як здавалася раней, прадметах. Так, пасля прачытання тэксту пра дэльфінаў прапанавала навучэнцам параўнаць вучня і дэльфіна (падручнік для 5 класа, павышаны ўзровень). У тэксце ёсць сказ They are quick learners, што падказала ідэю для параўнання. Навучэнцы на працягу 3 мінут знайшлі больш за 10 падобных якасцей і некалькі адрозненняў. У выніку была зроблена выснова, што дэльфіны вельмі разумныя, яны частка прыроды і маюць патрэбу ў нашым клопаце. 

На думку Л.Масальскай, “Кругі Эйлера” вельмі зручна выкарыстоўваць пры навучанні вуснаму маўленню. Навучэнцы параўноўваюць, знаходзяць агульныя і адрозныя рысы, прагаворваючы і ўспрымаючы гэта як гульню. А гульня — заўсёды ў задавальненне! Пры выкарыстанні прыёму кожны з’яўляецца даследчыкам, што падабаецца ўсім навучэнцам, бо ў іх развіваецца ўменне шукаць, выбіраць, сістэматызаваць, аналізаваць, прапаноўваць ідэі, адстойваць сваё меркаванне, знаходзіць новыя і цікавыя варыянты адказаў.

“Скетчноўтынг”

Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 25 Таццяна Сянькевіч прадставіла прысутным прыём “Скетчноўтынг”, які можна аднесці да самага актуальнага напрамку візуалізацыі. Скетчы — гэта разнастайныя ілюстраваныя заметкі, якія складаюцца з рукапіснага тэксту з малюнкамі, персанажамі, схемамі, стрэлкамі, піктаграмамі і іншымі элементамі, якія дапамагаюць зафіксаваць, структураваць, запомніць і асэнсаваць інфармацыю. Падчас прымянення тэхнікі скетчноўтынгу задзейнічаны розныя віды памяці: слыхавая, зрокавая, тактыльная, кінетычная.

“Скетчноўтынг” магчыма выкарыстоўваць на ўсіх этапах урока. На этапе актуалізацыі ведаў, калі навучэнцы ўспамінаюць лексіку па зададзенай тэме і робяць якія-небудзь накіды, якія ім спатрэбяцца падчас урока. На этапе ўдасканалення ведаў для развіцця лексічных уменняў і навыкаў і на этапе падвядзення выніку (праекты, прэзентацыі, табліцы).

Прыём таксама можна выкарыстоўваць на працягу вывучэння ўсёй тэмы. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “У горадзе” ў 5 класе. На першым этапе дзеці малююць на дошцы тыя аб’екты, якія ўспамінаюць, і ў іх атрымліваецца план горада. Другім этапам навучэнцы апісваюць гэты горад. Пасля гэтую ж карцінку выкарыстоўваюць пры ўвядзенні і адпрацоўцы лексікі па тэме. 

Звычайна настаўніку цяжка выступаць нейтральным слухачом: мы прывыклі папраўляць, выпраўляць, паказваць на памылкі. Адыход ад гэтага ціску аўтарытэту і ёсць адно з найбольш цяжка выканальных патрабаванняў тэхналогіі крытычнага мыслення.

“Таймлайн”

“Таймлайн” (часавая шкала) — інструмент для групоўкі інфармацыі ў храналагічнай паслядоўнасці — прапанавала да выкарыстання настаўніца англійскай мовы дзіцячага сада — сярэдняй школы “Альтэрнатыва” Аліна Толкач. Ён дае разуменне храналогіі і перыядызацыі, садзейнічае развіццю навыку работы з інфармацыяй, дазваляе рабіць шырокія абагульненні для лепшага ўспрымання тэмы, прадстаўляць даныя наглядна. “Таймлайн” уяўляе сабой вертыкальную або гарызантальную лінію, на якой адзначаюць па часе розныя элементы. 

— Не толькі гісторыя як вучэбны прадмет утрымлівае мноства дат, храналагічных структур. У любой навуцы ёсць важныя даты. Часта дзіцяці вельмі складана вывучыць любую перыядызацыю. “Таймлайн” вырашае гэтую праблему. Ён асабліва карысны для разумення ўзаемасувязі паміж падзеямі і выбудоўваннем паралелей, напрыклад, пры вывучэнні біяграфій Timeline Queen Elizabeth I або для аналізу тэмы і збору інфармацыі ў адзіны блок па пэўных тэмах: The history of space exploration, The history of school, — тлумачыць Аліна Толкач. — У адукацыйным працэсе стварэнне часавых шкал карысна пры дэманстрацыі пэўнага працэсу, сувязей паміж элементамі вучэбнага матэрыялу. “Таймлайн” можна выкарыстоўваць для праектнай работы вучняў. Самастойная работа над інфаграфікай садзейнічае хуткаму засваенню вучэбнага матэрыялу. Існуе яшчэ некалькі пераваг выкарыстання часавых шкал для ўрокаў і праектаў: не трэба думаць, як выклікаць цікавасць у вучняў, у “Таймлайне” шмат візуальнага матэрыялу; вучні пачынаюць выкарыстоўваць навыкі крытычнага мыслення і аналізу інфармацыі; абагульняюць і класіфікуюць кантэнт, што дапамагае настаўніку выкарыстоўваць іх праекты як напрацоўкі для наступных урокаў.

“Кошык ідэй”

Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 105 Алена Бераснёва азнаёміла педагогаў з прыёмам тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення “Кошык ідэй”. Ён заключаецца ў наступным: аб’яўляецца тэма ўрока, і кожны вучань тэзісна ў сшытку запісвае тое, што яму вядома па тэме, затым арганізуецца работа ў парах і групах — навучэнцы абменьваюцца інфармацыяй, высвятляючы, у чым супалі іх меркаванні, а ў чым узніклі рознагалоссі. На наступным этапе кожная група выказвае сваё меркаванне па тэме. Прычым адказы не павінны паўтарацца. Усе выказванні настаўнік запісвае на дошцы. У “кошык” скідваецца ўсё, што мае дачыненне да тэмы ўрока: ідэі, імёны, даты, факты, здагадкі, тэрміны і г.д.

— Звычайна настаўніку цяжка выступаць нейтральным слухачом: мы прывыклі папраўляць, выпраўляць, паказваць на памылкі, — каменціруе педагог. — Адыход ад гэтага ціску аўтарытэту і ёсць адно з найбольш цяжка выканальных патрабаванняў тэхналогіі крытычнага мыслення. Падчас выказвання навучэнцамі іх ідэй і здагадак старайцеся патрабаваць поўных адказаў. Такім чынам прыём будзе працаваць для развіцця і вуснага маўлення, і навыкаў лагічнага пераказу. На этапе запісу настаўнікам ідэі і меркаванняў запісваюцца ўсе, нават памылковыя і няслушныя. Ніякай крытыкі і аналізу! 

Прыём “Кошык ідэй” прапануецца для выкарыстання на этапе выкліку. Гэта значыць, на пачатковым этапе ўрока, калі адбываецца працэс актуалізацыі ведаў па тэме, з памяці навучэнцаў “выклікаецца” ўсё, што мае дачыненне да заяўленай тэмы, адбываецца абагульненне назапашанага вопыту і падрыхтоўка да ўспрымання новага матэрыялу. Другая праблема, якая вырашаецца на стадыі выкліку з дапамогай прыёму, — далучэнне да работы ўсіх навучэнцаў. На звычайным уроку этап актуалізацыі ведаў не заўсёды дазваляе ахапіць усіх вучняў у класе. Акрамя таго, у стварэнні запісаў удзельнічаюць усе, бо адна з умоў — прапанаваныя ідэі не павінны паўтарацца. Гэта значыць, кожны вучань не толькі ўважліва выслухоўвае прапановы іншых, але і адначасова аналізуе свае веды, фіксуючы ўласныя недахопы.

“Дзённік-трэкер”

Метадычны прыём “Дзённік-трэкер” прапанавала прымяняць на занятках у 11 класе з павышаным узроўнем вывучэння прадмета настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 154 Алена Дубкова. Ён наглядна паказвае дасягненні, матывуе не апускаць рукі, дапамагае ператварыць руціну ў цікавае захапленне.

— Навучэнцы вядуць дзённік на працягу ўсяго навучальнага года. Дзённік, як і падручнік, падзелены на дзевяць раздзелаў, гэта значыць, на працягу кожнага месяца вучням неабходна адзначаць сваю дзейнасць па чатырох напрамках: гаварэнне, пісьмовая мова, аўдзіраванне і лексічны запас. У канцы кожнага месяца праводзяцца падтрымліваючыя заняткі, мэта якіх — падзяліцца сваімі вынікамі вядзення дзённіка, уражаннямі і дасягненнямі ў вывучэнні англійскай мовы, а таксама выявіць недахопы праведзенай работы і знайсці спосабы вырашэння праблем, якія ўзніклі.

Такі прыём не толькі аблягчае работу настаўніка, але і развівае ў навучэнцаў цікавасць да самаадукацыі і самакантролю. Дзённікі-трэкеры, на мой погляд, гэта мадэрнізаваны аналаг слоўнікаў. Галоўным адрозненнем слоўніка ад трэкера з’яўляецца тое, што слоўнікі — гэта часта руціна, якая выконваецца навучэнцамі на абавязковай аснове і за якую яны могуць атрымаць нездавальняючую адзнаку. Слоўнікі не даюць упэўненасці ў тым, што запісаная лексіка будзе прымяняцца ў штодзённым жыцці. Дзённікі-трэкеры таксама не даюць гарантыі, што ўсё запісанае і адзначанае там будзе выкарыстана, аднак плюсам такога дзённіка з’яўляецца тое, што навучэнцы самі сябе кантралююць і ацэньваюць. Дзённік дапамагае ператварыць працэс вывучэння англійскай мовы ў карысную звычку і эфектыўную работу.

***

Метадычны фестываль прадаставіў магчымасць педагогам паказаць уласныя дасягненні, асэнсаваць вынікі, скарэкціраваць далейшыя дзеянні.

 

Наталля КАЛЯДЗІЧ,
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий